Пошук

13.06.2018 12:28   Паводле: Тыцыяна Кампізі – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© santantonio.org

12 чэрвеня ў італьянскай Падуі — горадзе, найбольш звязаным з імем святога Антонія, якога тут усе называюць проста Святы, — прайшла гістарычная інсцэніроўка яго апошняга падарожжа. Кульмінацыяй штогадовага прадстаўлення, якое апавядае пра апошнія гадзіны жыцця Святога, стаў канцэрт званоў, якія абвясцілі пачатак святкавання ўрачыстасці 13 чэрвеня.

Больш за паўтары сотні ўдзельнікаў у строях эпохі вялікага падуанскага прапаведніка бралі ўдзел у грандыёзным спектаклі, які ўвечары напярэдадні ўрачыстасці св. Антонія разгарнуўся ў гарадскім квартале Арчэла. Да гістарычнага прадстаўлення далучыліся прадстаўнікі ўладаў горада Падуі і мясцінаў, так ці інакш звязаных з жыццём і служэннем Святога, які нарадзіўся 15 жніўня 1195 г. у Лісабоне (Партугалія).

Так выглядаў Святы (рэканструкцыя) © assisiofm.it
Некалькі тыдняў перад смерцю св. Антоній знаходзіўся ў невялікім мястэчку Самп’ера непадалёк ад Падуі. 13 чэрвеня 1231 г., адчуваючы набліжэнне свайго адыходу, ён папрасіў адвезці яго ва ўлюбёны падуанскі кляштар Марыі Маці Пана, дзе і адбыўся яго Пераход — Transitus — у дом нябеснага Айца.

Пяць сцэнаў вечаровага прадстаўлення грунтуюцца на першай біяграфіі Святога, напісанай неўзабаве пасля яго смерці ягоным верным сабратам і паплечнікам Лукой Бэлудзі.

Выезд з Кампасамп’ера на возе, запрэжаным валамі, сустрэча з братам Віното, прыбыццё ў кляштар Чэла і спалох «бедных жанчын», кларысак — на гэтых вобразах пабудавана гістарычнае прадстаўленне, якое праходзіць па тым самым шляху, які амаль восем стагоддзяў таму пераадолеў св. Антоній.

© santantonio.org

Падчас пятай сцэны, якая прадстаўляе прыбыццё воза са Святым у санктуарый Арчэлы, у горадзе пачынаюць біць званы ва ўсіх касцёлах, што ў адпаведнасці з мясцовым Статутам 1276 г. лічыцца пачаткам святкавання ўрачыстасці святога Антонія, апекуна Падуі.

Шостая сцэна адбываецца ўжо ў самім санктуарыі побач з «келляй Пераходу» — капліцай, якая ўжо многія стагоддзі ўшаноўваецца як месца адыходу Святога ў вечнасць.

© padovaoggi.it

У гэтай апошняй сцэне паказаны апошнія гадзіны яго жыцця і агонія, аж да таго моманту, калі Антоній усклікнуў: Video Dominum meum — «Я бачу майго Пана», — і з гэтымі словамі адышоў да Яго, завяршыўшы свой зямны шлях.

Інсцэніроўка, распрацаваная на ўзор сярэднявечных прадстаўленняў, упершыню была праведзена ў 1931 г., у 700-годдзе Пераходу Святога.

© santantonio.org

Свой цяперашні выгляд гістарычнае прадстаўленне набыло ў 1963 г., у 700-ю гадавіну адшукання нятленнага языка св. Антонія і перанясення яго рэліквій з невялікага касцёла Марыі Маці Пана ў першасны санктуарый, з якога пазней вырасла сённяшняя велічная базыліка Святога, што прыцягвае пілігрымаў з усяго свету.

© lettera43.it

Абноўлена 13.06.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця