13 чэрвеня, ва ўспамін святога Антонія Падуанскага, свае імяніны адзначае Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Віншаванні ад імя беларускага каталіцкага епіскапату даслаў імянінніку Старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ваша Эксцэленцыя!
Ад свайго ўласнага імя і ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, святароў і люду вернага нашай краіны маю гонар выказаць самыя сардэчныя віншаванні з нагоды літургічнага ўспаміну святога Антонія Падуанскага, які з’яўляецца нябесным заступнікам Вашай Эксцэленцыі.
У дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору Christus Dominus пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле чытаем:
«Самі біскупы, прызначаныя Духам Святым, займаюць месца Апосталаў як пастыры душ і разам з Найвышэйшым Пантыфікам і пад яго ўладай маюць місію ўвекавечваць справу Хрыста, вечнага Пастыра. Сапраўды, Хрыстус дае Апосталам і іх наступнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і пасвіць іх. Таму біскупы ласкай Духа Святога, які ім быў дадзены, сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, першасвятарамі і пастырамі» (пар. ChD 2).
Ваша Эксцэленцыя!
Дзякуючы Божаму Провіду Вы ад імя Найвышэйшага Пантыфіка Папы Францішка выконваеце місію ўвекавечання справы Хрыста, вечнага Пастыра, на беларускай зямлі сярод умілаванага Вамі беларускага народа. За гады Вашай дыпламатычнай паслугі і пастырскага служэння ў Беларусі вы далі пазнаць сябе як сапраўдны і аўтэнтычны настаўнік веры. Мы разумеем, што гэта магчыма толькі дзякуючы здольнасцям, якімі Бог адарыў Вас, і дзякуючы Ягонай ласцы, якую Ён спасылае на Вас кожны дзень праз заступніцтва вашага нябеснага апекуна — святога Антонія Падуанскага.
Таму жадаю Вам, Ваша Эксцэленцыя, каб Вы і надалей былі мужным настаўнікам веры, мудрым абаронцам супольнасці Божага народа і руплівым дыпламатам у выкананні ўскладзенай на Вас місіі дзеля дабра беларускага грамадства, а асабліва вернікаў Касцёла на Беларусі.
Ваша Эксцэленцыя, мы разам з вернікамі нашага Касцёла даручаем усё Вашае жыццё і служэнне Апякунцы Беларусі Маці Божай Будслаўскай, Вашаму нябеснаму заступніку святому Антонію і просім для Вас Божага благаслаўлення ў служэнні Богу і Касцёлу ad plurimos annos — на доўгія гады!
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 13 чэрвеня 2024 г.