Пошук

28.05.2018 13:08   Паводле: CNA – catholicnewsagency.com / Catholic.by
Маніфестацыя за захаванне 8-й папраўкі перад рэферэндумам. © CNA

25 мая ў Ірландыі прайшоў рэферэндум, на якім грамадзяне выказаліся адносна адмены 8-й папраўкі да Канстытуцыі, якая абараняла жыццё ненароджаных. Як стала вядома, пераважная большасць тых, хто прагаласаваў на плебісцыце, выказаліся за адмену гэтай папраўкі.

«Вынікі рэферэндума — вялікая трагедыя для ірландскага народа і ўсяго свету,

— сказала Марджары Данэнфелсер, старшыня амерыканскай арганізацыі «С’юзан Б. Энтані Ліст», якая выступае за змяншэнне колькасці і канчатковую забарону абортаў у Злучаных Штатах Амерыкі. — У той час, як іншыя краіны Захаду, у тым ліку і ЗША, паддаліся лобі прыхільнікаў абортаў, Ірландыя заставалася яркім светачам надзеі ў тым, што датычыцца абароны ненароджаных дзяцей і іх маці».

Грамадская актывістка дадала, што вынікі ірландскага рэферэндума напаўняюць яе і яе калегаў смуткам.

Група «Захаваць 8-ую», якая вяла ў краіне кампанію супраць адмены гэтай папраўкі да Канстытуцыі Ірландыі, назвала плебісцыт трагедыяй гістарычнага маштабу і падзякавала ўсім тым, хто разам з ёй выступаў у абарону жыцця.

Удзельнікі кампаніі адзначылі, што яны будуць працягваць адстойваць права на жыццё ў Ірландыі, заявіўшы, што кожны раз, калі ў Ірландыі паспрабуюць пазбавіць жыцця ненароджанага або ненароджаную, яны будуць гэтаму супрацьстаяць і ўсім дадуць пачуць свой голас. У сваёй заяве актывісты адзначаюць:

«Учора аборт быў недапушчальным. Сёння ён таксама застаецца недапушчальным. Канстытуцыя змянілася, але гэта не змяняе сутнасці з’явы».

8-я папраўка да Канстытуцыі Ірландыі была прынятая ў 1983 г. пры падтрымцы 67-і працэнтаў выбаршчыкаў. У ёй сказана: «Дзяржава прызнае права на жыццё ненароджанага і з належным улікам роўнага права на жыццё маці гарантуе ў сваіх законах яго захаванне і, наколькі гэта практычна магчыма, сваімі законамі абараняе і забяспечвае гэтае права».

Некаторыя ірландскія законатворцы ўжо раней выступалі з заявамі, што, калі 8-я папраўка будзе адменена, яны будуць прапаноўваць на заканадаўчым узроўні дазволіць без абмежаванняў штучна перарываць цяжарнасць да дванаццаці тыдняў ад зачацця і да 24-х тыдняў, калі пад пагрозай фізічнае або псіхічнае здароўе маці.

Нягледзячы на дастаткова высокі працэнт насельніцтва, які складаюць у Ірландыі тыя, хто лічаць сябе католікамі (78 %), меркаванні на гэтую тэму ў грамадстве разышліся. 9 сакавіка каталіцкія біскупы краіны выступілі з пастырскім пасланнем пад назваю «Два жыцці, адна любоў», у якім папярэдзілі, што змена Канстытуцыі служыць толькі адной мэце — пазбавіць права на жыццё некаторыя катэгорыі ненароджаных дзяцей.

«Для ўсіх ненароджаных дзяцей, а насамрэч і для ўсіх нас, гэта радыкальна зменіць той прынцып, паводле якога права на жыццё з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека», — падкрэслілі ірландскія іерархі.

Абноўлена 28.05.2018 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця