Пошук


Урачыстасць Унебаўшэсця Пана 10 мая была вельмі насычаным днём для папы Францішка, які здзейсніў два пастырскія візіты ў межах Італіі і сустрэўся з прадстаўнікамі дзвюх касцёльных супольнасцяў — «Намадэльфіі» і «Факаляраў».

Раніцай Святы Айцец на верталёце прыляцеў у Намадэльфію, што ў тасканскай правінцыі Грасэта. Гэтая мясцовасць з’яўляецца цэнтрам заснаванай кс. Дзэно Сальціні аднайменнай касцёльнай супольнасці, члены якой жывуць паводле прынцыпаў евангельскага братэрства.

Слуга Божы кс. Дзэно Сальціні © 2018 Find A Grave

Слуга Божы кс. Дзэно Сальціні, чый беатыфікацыйны працэс працягваецца з 2009 г., нарадзіўся 30 жніўня 1900 г. і быў дзявятым з дванаццаці дзяцей у сям’і. Яго сястра Марыяна таксама з’яўляецца кандыдаткай да хвалы алтароў. У 14 гадоў Дзэно пакінуў школу і пачаў працаваць на ферме, але пасля заканчэння Першай сусветнай вайны паступіў у Міланскі каталіцкі ўніверсітэт, дзе атрымаў неабходную адукацыю і стаў святаром.

Пасля Другой сусветнай вайны ён заснаваў «Ініцыятыву малых апосталаў» для клопату пра сірот і пакінутых дзяцей. Да гэтай пабожнай справы ён прыцягнуў сужэнствы, гатовыя дапамагаць і прымаць гэтых дзяцей. У 1948 г. была зацверджана канстытуцыя Ініцыятывы.

Такім чынам нарадзілася супольнасць «Намадэльфія», што сёння складаецца з сем’яў і нежанатых свецкіх католікаў, якія жывуць у васьмі кіламетрах ад італьянскага горада Грасэта і наследуюць прыклад першых хрысціянскіх супольнасцяў.

Яны практыкуюць супольнае карыстанне дабротамі, клопат пра дзяцей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і старых.

Прыбыўшы ў Намадэльфію, Пантыфік перадусім памаліўся на месцы пахавання Слугі Божага кс. Дзэно Сальціні на мясцовых могілках, пасля чаго сустрэўся з членамі заснаванай ім супольнасці, якая сёлета адзначае 70-ю гадавіну існавання.

У скіраванай да іх прамове Святы Айцец адзначыў, што «Намадэльфія» – гэта прарочая рэальнасць, якая імкнецца ўкараніць новую цывілізацыю праз актуалізацыю Евангелля як формы добрага і прыгожага жыцця.

Ён нагадаў, што рэалізацыя закону братэрства, на якім пабудавана жыццё супольнасці, — гэта была мара і мэта ўсяго жыцця кс. Сальціні.

«Я заклікаю вас працягваць практыкаваць гэты стыль жыцця, верачы ў моц Евангелля і Святога Духа, праз яснае хрысціянскае сведчанне», — заахвоціў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа падкрэсліў, што перад абліччам пакутаў асірацелых або пацярпелых дзяцей кс. Сальціні зразумеў, што адзінай даступнай для іх мовай з’яўляецца любоў. Вось чаму ён вынайшаў пэўную форму супольнасці, у якой няма месца для самоты і ізаляцыі, дзе дзейнічае прынцып супрацоўніцтва паміж рознымі сем’ямі, дзе ўсе лічаць сябе братамі па веры.

«У „Намадэльфіі“ як адказ на канкрэтнае пакліканне Пана ўсталяваліся сувязі, якія нашмат мацнейшыя, чым повязі сваяцтва. Тут рэалізуецца роднасць з Езусам, уласцівая тым, хто адраджаецца з вады і Святога Духа», — адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў супольнасці шмат увагі надаецца пажылому пакаленню.

«Працягвайце гэта рабіць, увасабляючы ўзор братняй любові, таксама і праз бачныя ініцыятывы і знакі ў розных сітуацыях, куды вас кліча евангельская любоў, але заўсёды ў духу ксяндза Дзэно, які хацеў, каб „Намадэльфія“ была „неабцяжаранай“, абмяжоўваючыся выключна тым, што неабходна для яе структур. Ва ўмовах свету, часам варожага да ідэалаў, абвешчаных Хрыстом, не бойцеся адказаць спакойным і радасным сведчаннем вашага жыцця, натхнёнага Евангеллем», — пажадаў удзельнікам супольнасці Папа.

У другой палове дня папа Францішак скіраваўся ў Міжнародны горад супольнасці «Факаляраў» Лап’яна, што знаходзіцца непадалёк ад Фларэнцыі.

Слова focolare у перакладзе з італьянскай мовы азначае «сямейны агмень», а ў шырокім значэнні — сям’ю. Заснавальніцай руху з такой назвай з’яўляецца К’яра Любіч. У руху ўдзельнічаюць не толькі католікі: ён адкрыты таксама для пратэстантаў і праваслаўных. Сэрцам руху з’яўляюцца людзі, якія даюць тры абяцанні: чысціні, беднасці і паслухмянасці. У супольнасці ўдзельнічаюць таксама сужэнцы. Асноўныя прынцыпы руху факаляраў носяць марыйны характар і грунтуюцца на супольным жыцці ва ўзаемнай любові і братэрстве, на Божым слове і Эўхарыстыі.

«Падчас сённяшніх эпахальных змен трэба не толькі імкнуцца да сустрэчы паміж людзьмі, культурамі і народамі, да саюзу паміж цывілізацыямі, але і сумесна адказаць на задачу пабудовы агульнай культуры сустрэчы, глабальнай цывілізацыі запавету», — заахвоціў Святы Айцец удзельнікаў руху факаляраў у скіраванай да іх прамове.

Пасля малітвы ў касцёле Багародзіцы Марыі Папа сустрэўся з членамі гэтага касцёльнага руху і адказаў на тры іх пытанні.

Адносна першага пытання пра будучыню Лап’яна, Пантыфік узгадаў два ключавыя словы з Паслання да габрэяў. Першае з іх акрэслівае лад жыцця вучняў Езуса: смеласць і шчырасць у сведчанні аб праўдзе, веру ў Бога і Яго міласэрнасць, а другое адлюстроўвае асноўныя рысы хрысціянскага жыцця: сэрца, звернутае да Бога, веру ў Яго любоў, што дапамагае пераадолець усе ілжывыя страхі і спакусу схавацца ў спакойным жыцці, канфармізме, крывадушнасці. Папа заклікаў кіравацца шчырасцю ў спалучэнні з павагай і адчувальнасцю. Разважаючы над значэннем гэтага слова, Святы Айцец нагадаў, што яно азначае падпарадкаванне, цярплівае прабыванне і здабыванне ўмення перажываць цяжкія жыццёвыя сітуацыі.

«Гаворка ідзе пра рашучую вернасць гэтаму выбару, нават коштам цяжкасцяў і супраціўлення, ведаючы, што сталасць, стойкасць і цярплівасць даюць надзею», — растлумачыў ён.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што асновай трываласці з’яўляецца Божая любоў, якая вылілася ў нашыя сэрцы праз Святога Духа; любоў, якая апярэджвае нас і дазваляе жыць з вызначанасцю і спакоем, станоўча і творча, а таксама з адценнем гумару нават у самыя цяжкія моманты.

Адказваючы на пытанне аб унёску, які павінны рабіць адукацыйныя і фармацыйныя ўстановы факаляраў, Францішак заўважыў, што Лап’яна кіруецца саборным стылем і з’яўляецца «школай Божага народа», чыя дынаміка заключаецца ў слуханні і ўзаемаабмене дарамі паміж усімі. Гаворачы пра розныя віды фармацыі, Святы Айцец адзначыў, што яна павінна заўсёды быць скіравана на служэнне іншым, пачынаючы з тых, каго штурхаюць на задворкі існавання.

У адказ на трэцяе пытанне, што датычылася таго, як Лап’яна сёння можа рэалізаваць сваю місію, адказваючы на выклікі нашага часу, Папа адзначыў, што гісторыя цэнтру факаляраў толькі пачынаецца, як маленькае насенне, кінутае ў разоры гісторыі, і што цяпер для чакання пладоў патрэбныя пакора, адкрытасць, узаемадзеянне і здольнасць пайсці на рызыку.

Абноўлена 11.05.2018 15:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.