Пошук

08.05.2018 17:31   Паводле: Фаб’ё Калаграндэ / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© AFP or licensors

7 мая на 87-м годзе жыцця адышоў у вечнасць італьянскі рэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік Эрмано Ольмі.

«Тэма пошуку веры, якая не пакідае ў спакоі, а таксама ўцелаўлення хрысціянства як рэлігіі бедных, апошніх людзей», — менавіта гэта адрознівала творчасць італьянскага рэжысёра на думку яго блізкага сябра кардынала Джанфранко Равазі, старшыні Папскай рады па культуры. На думку іерарха, які быў прыхільнікам таленту Ольмі з першых ягоных працаў, а пазней стаў ягоным сябрам, яго жыццёвае крэда — пошук і вандраванне — знайшло найбольш поўнае адлюстраванне ў не самым папулярным фільме майстра Camminacammina («Дарога, дарога»), прысвечаным вешчунам, якія ідуць пакланіцца Немаўляці Хрысту.

«Ён паказаў аблічча ўцелаўлёнага хрысціянства: аблічча апошніх людзей. Яго хрысціянства асабліва адзначана цярпеннем, беднасцю і імкненнем, якое ўзносіцца з зямлі да Нябёсаў», — кажа кардынал Равазі.

Адну з лепшых характарыстык кінематографа Ольмі даў іх агульны сябар Сэрджо Дзаволі, які казаў, што кожны дзень вера і любоў здабываюцца ў змаганні з сумненнямі, а таму перамога над сумненнем — адзінае сцвярджэнне веры.

Пазітыўны і жыццярадасны са сваімі сябрамі, у сваёй творчасці Ольмі праяўляў духоўны неспакой. «Сам па сабе ён быў увасабленнем дабрыні і лагоднасці, але яго кіно было правакацыйным: дастаткова ўзгадаць фільмы „Сто цвікоў“ і „Кардонная вёска“. Ён крытыкаваў каталіцтва, якое, на ягоны погляд, не адлюстроўвае ў поўнай меры „кошт“ адкуплення, „кошт“ веры: веры, якую трэба здабыць з душы і з цела», — кажа пра свайго спачылага сябра прэфект Папскай рады па культуры.

«Хрысціянства Ольмі было перадусім хрысціянствам укрыжавання.

Натуральна, у ягоным кіно заўсёды прысутнічала ззянне Пасхі, таму што ён быў вялікім вернікам. Аднак для яго згода без цярпення, дадзеная Богу, — гэта спосаб Яму не адказваць. У гэтых словах <…> найбольш дакладна выказана сутнасць веры Ольмі: мы знаходзім Хрыста ў цярпенні, у абмежаваннях, у падзеннях. Найцяжэйшы шлях, той, на якім найчасцей здараюцца адступніцтвы, а менавіта боль, несправядлівасць гэтага свету, парадаксальным чынам для Ольмі ў першую чаргу становіцца месцам аб’яўлення Бога. З-за гэтага магло здавацца, што ягоныя фільмы былі правакацыйнымі з тэалагічнага пункту гледжання. Уцелаўлёны Езус Хрыстус — гісторыя і таямніца, чалавечнасць і Боства — гэта тое апошняе аблічча, у якім адлюстраваўся Ольмі і якое, думаю, цяпер як вернік зможа нарэшце сузіраць», — адзначыў кардынал Равазі.

Абноўлена 10.05.2018 07:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.