Пошук

Фота Вольгі Хруль

Як паведаміла інфармацыйная служба архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, 6 мая ў маскоўскім катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай публічнай сесіяй завяршыўся дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу Фрыдрыха-Ёзафа Гааза, якога за справы хрысціянскай міласэрнасці называюць «святым доктарам Масквы». Ласыя на «сенсацыі» і неадукаваныя ў рэлігійных пытаннях журналісты пераважна расійскіх СМІ напісалі, што доктара Гааза ўжо афіцыйна абвясцілі святым, хоць насамрэч да гэтага пакуль зроблены толькі першы крок.

Маскоўскі арцыбіскуп Паоло Пэццы выразна сцвердзіў у сваім казанні з гэтай нагоды:

«Гэта, канечне, яшчэ не значыць, што доктар Гааз ужо з’яўляецца праслаўленым святым. Для гэтага неабходна, каб Рым — цэнтр нашага Касцёла — прызнаў яго святасць. Таму мы будзем працягваць маліцца аб гэтым».

Разам з тым іерарх заўважыў, што ўжо сёння камісія, якая даследавала жыццё і дзейнасць доктара Гааза, прыйшла да высновы адносна святасці гэтага чалавека, таму што ён жыў тым імкненнем да Бога, у якім і заключаецца святасць.

«Ён пакорна, найчасцей незаўважна, жыў гэтым імкненнем, як ён любіў казаць, „спяшаючыся рабіць дабро“. І што значыць — спяшацца рабіць дабро? Гэта значыць выкарыстоўваць тыя абставіны, умовы, у якіх ты жывеш, каб зрабіць штосьці добрае тваім братам. Але гэта яшчэ не ўсё. Неабходна дадаць: чаму ты робіш штосьці добрае сваім братам? Таму што ты добры? Таму што ты велікадушны? Не. Таму што ты — грэшнік, як і ўсе астатнія. Але ты ўсведамляеш, што цябе ахапіла гэтая невымоўная любоў.

Таму што ты калісьці сустрэў самога Хрыста, і гэта не пакінула цябе абыякавым. Гэта прымусіла цябе працягваць шукаць Яго аблічча, і тады, магчыма (як гэта і адбылося з доктарам Гаазам), ты ўбачыш Яго аблічча ў самых бедных, у самых адкінутых», — сказаў арцыбіскуп Паоло Пэццы.

На дыяцэзіяльным этапе беатыфікацыйнага працэсу, які афіцыйна распачаўся 9 студзеня 2016 г., былі сабраныя дакументы і сведчанні, якія цяпер будуць перададзены ў Святы Пасад для далейшага разгляду Кангрэгацыяй па справах Кананізацыі, а яна пазней перадасць іх Святому Айцу, які і прыме канчатковае рашэнне. Аўтэнтычныя матэрыялы працэсу былі апячатаныя і застануцца на захаванні ў курыі архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, а ў кангрэгацыю будуць перададзеныя іх копіі. Па даручэнні арцыбіскупа Паоло Пэццы перадачу дакументаў здзейсніць адказная асоба — партытор, — якім быў прызначаны кс. Джэрмано Марані SI, які выконвае абавязкі пастулатара беатыфікацыйнага працэсу.

Маскоўскі арцыбіскуп падзякаваў айцу Джэрмано і ўсім удзельнікам дыяцэзіяльнага этапу працэсу, а таксама яго папярэдняга перыяду, які доўжыўся больш за 20 гадоў. Працэс збору матэрыялаў для беатыфікацыі распачаўся ў 1995 г. у Апостальскай адміністратуры для католікаў еўрапейскай часткі Расіі. З 1998 па 2011 г. працэс праходзіў у Кёльнскай архідыяцэзіі, дзе знаходзіцца горад Бад-Мюнстэрайфэль — месца нараджэння Фрыдрыха Гааза. У 2011 г. архідыяцэзія Маці Божай у Маскве прыняла ад Кёльнскай дыяцэзіі права правядзення працэсу, які ў мінулую нядзелю ўрачыста завяршыўся.

«Я спадзяюся, што дзякуючы доктару Гаазу будуць і многія іншыя цуды, але само завяршэнне на мясцовым узроўні гэтага працэсу — гэта ўжо вялікі цуд», — адзначыў арцыбіскуп Паоло Пэццы.

Пастулатар працэсу кс. Джэрмано Марані SI падзякаваў Богу і ўсім тым, хто прычыніўся да гэтай справы — католікам і праваслаўным, «якія працавалі незаўважна, але вельмі эфектыўна».

Фрыдрых-Ёзаф (Фёдар Пятровіч) Гааз нарадзіўся 4 верасня 1780 г. у прускай каталіцкай сям’і. Вывучаў германістыку, філасофію і медыцыну ў Енскім і Гёцінгенскім універсітэтах, медыцынскую практыку пачынаў у Вене. З 1806 г. жыў у Расіі, падчас вайны з Напалеонам быў хірургам у расійскім войску. З 1813 г. жыў і працаваў у Маскве, дзе прысвяціў сваё жыццё, каб палегчыць долю зняволеных і ссыльных. Ён імкнуўся да паляпшэння жыцця вязняў: дамогся таго, каб ад кайданаў вызвалялі старых і хворых, дзякуючы яму перастаў выкарыстоўвацца жалезны прут, да якога прыкоўвалі па 12 ссыльных, якіх гналі на катаргу ў Сібір, было адменена галенне паловы галавы ў жанчын. Па ягонай ініцыятыве быў адчынены турэмны шпіталь і школа для дзяцей арыштантаў. Доктар Гааз прымаў і забяспечваў лекамі бедных пацыентаў. Усе ягоныя сродкі пайшлі на дабрачынную дзейнасць. Памёр 28 жніўня 1853 г., пахаваны на Увядзенскіх могілках у Маскве. На пахаванне «святога доктара» сабраўся 20-тысячны натоўп.

Абноўлена 09.05.2018 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.