Пошук

03.05.2018 09:39   Паводле: Rublev.com

Упершыню ў гісторыі Пакістана на тэрыторыі дзяржаўнага ўніверсітэта адкрылі хрысціянскую капліцу – капліцу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ў атрыуме сельскагаспадарчага ўніверсітэта ў Фейсалабадзе.

Пра гэта паведамляе італьянскае інфармагенцтва Fides.

Новую каталіцкую святыню пры ВНУ асвяціў арцыбіскуп Ісламабада і Равалпіндзі Джозэф Аршад, які ўзначальвае мясцовы епіскапат і з’яўляецца часовым адміністратарам Фейсалабадскай дыяцэзіі.

Адкрыццё капліцы адбылося пры ўдзеле віцэ-канцлера ўніверсітэта, выкладчыкаў, студэнтаў і духавенства.

Арцыбіскуп адзначыў памкненні хрысціянскай абшчыны ВНУ, якая «здолела паклапаціцца» аб тым, каб пабудаваць хрысціянскую капліцу побач з ужо існуючай залай для малітвы.

«Узвядзенне святыні ва ўніверсітэцкім комплексе – гэта пасланне любові і гармоніі для ўсёй краіны. Хрысціянскі народ будзе прыходзіць у гэты касцёл і маліцца за росквіт універсітэта і Пакістана», – прыводзіць словы біскупа выданне.

Старшыня епіскапату Пакістана падзякаваў мясцовай уладзе за «праяўленую чуйнасць і інтарэс да павагі рэлігійнай свабоды».

«Мы верым у міжрэлігійную гармонію: будаўніцтва капліцы з'яўляецца прыкладам братэрства паміж хрысціянамі і мусульманамі. Спадзяёмся, што і іншыя інстытуты будуць ісці гэтым шляхам, каб гарантаваць правы рэлігійных меншасцяў, зацверджаныя Канстытуцыяй», — сказаў у сваю чаргу віцэ-канцлер.

Гэта падзея – прыклад навізны ў рэлігійным жыцці Пакістана. Да гэтага часу ў грамадскіх навучальных установах было дазволена будаваць толькі мячэці.

Пакістан — другая пасля Інданезіі краіна свету па колькасці мусульманскага насельніцтва (96 працэнтаў). Хрысціяне, якія складаюць толькі 1,6 працэнта веруючага насельніцтва, з’яўляюцца рэлігійнай меншасцю.

Большасць пакістанскіх хрысціян лічацца нашчадкамі членаў касты недатыкальных і сёння ў сваёй большасці з'яўляюцца нізкакваліфікаванымі рабочымі ў галіне сельскай гаспадаркі, многія з іх непісьменныя.

Згодна з данымі Азіяцкай камісіі па правах чалавека, каля 700 пакістанскіх дзяўчат-хрысціянак штогод вымушаны прымаць іслам у сувязі з ціскам. Гэты феномен называюць разнавіднасцю «этнарэлігійных чыстак».

Абноўлена 04.05.2018 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.