Пошук


Каталіцкі святар моліцца за мір у Венесуэле
Каталіцкі святар моліцца за мір у Венесуэле

Каталіцкія іерархі Венесуэлы выступілі на гэтым тыдні з заявай, дзе адзначылі глыбокі крызіс, у якім знаходзіцца краіна, і заклікалі перанесці прэзідэнцкія выбары на больш позні час.

«Мы з трывогай глядзім, як пагоршылася сітуацыя, пра якую мы пісалі ў Пастырскім звароце ў студзені 2018 года. Гіперінфляцыя прывяла да яшчэ большага збяднення насельніцтва, радыкальнага зніжэння ўзроўню жыцця.

Перабоі з электрычнасцю, вадой і газам па ўсёй краіне робяць жыццё ўсё больш складаным. Пры гэтым чыноўнікі дэманструюць дзіўную абыякавасць да гэтых праблемаў», — заявілі біскупы.

Іерархі зазначылі, што дзяржава ўсё больш і больш умешваецца ў эканамічнае жыццё, аднак сацыялістычныя метады прыводзяць толькі да пагаршэння эканамічнага крызісу.

«Усё гэта вядзе да большага голаду і беспрацоўя. Акрамя гэтага, распаўсюджваюцца эпідэміі і хваробы сярод насельніцтва, у тым ліку з-за дэфіцыту лекаў. Усё гэта прыводзіць да ўзнікнення і пашырэння масавых пратэстаў», — гаворыцца ў біскупскай дэкларацыі.

«Хоць улады хаваюць інфармацыю пра пратэсты і кантралююць дзяржаўныя СМІ, пратэсты нарастаюць», — адзначаюць іерархі Венесуэлы.

Крызіс прыводзіць да масавай міграцыі насельніцтва ў суседнія краіны.

«Улічваючы гуманітарныя праблемы такіх маштабаў, правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 20 мая не мае легітымнасці. Яны праводзяцца без дастатковых гарантый правядзення свабоднага, справядлівага і празрыстага электаральнага працэсу, і хутчэй могуць пагоршыць крызіс у краіне, чым вырашыць яго», — лічаць каталіцкія біскупы.

У дэкларацыі яны заклікалі ўладу да дыялогу і да вырашэння эканамічных праблем краіны праз новую эканамічную і ўнутраную палітыку.

Венесуэльцы чакаюць адкрыцця мяжы з Калумбіяй, каб набыць ежу, туалетную паперу, пялюшкі-падгузкі
Венесуэльцы чакаюць адкрыцця мяжы з Калумбіяй, каб набыць ежу, туалетную паперу, пялюшкі-падгузкі

Палітыка ўраду прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, палітыка левага кірунку, прывяла да таго, што краіна з найбольшымі накладамі нафты ў Паўднёвай Амерыцы знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе.

Пры гэтым нават пасля нацыяналізацыі многіх прыватных кампаній бюракраты не змаглі падтрымаць даходы дзяржаўнага бюджэта, а таксама ўтрымаць здабычу нафты на дадатковым узроўні.

Сёння Венесуэла здабывае мінімальныя аб’ёмы нафты за апошнія 33 гады.

Уведзены дзяржаўны кантроль курсаў валюты прывёў да татальнага дэфіцыту, з’яўлення чорнага рынку і масавых пратэстаў. За апошнія 12 месяцаў цэны ў краіне выраслі больш чым на 8 тысяч працэнтаў.

Настаўнікі ў дзяржаўных школах Венесуэлы зарабляюць прыкладна чатыры даляры ЗША ў месяц па цэнах чорнага рынку, чаго недастаткова нават для таго, каб набыць ежу для сябе і сям’і.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця