Кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Алессандро Джызоцці пракаментаваў магчымасць пасрэдніцкага ўдзелу папы Францішка ў вырашэнні венесуэльскага крызісу, пра што Святога Айца прасіў Нікалас Мадура.
«Святы Айцец заўсёды дзейнічае з асцярожнасцю і таму пакідае за сабой права вывучэння гатоўнасці абодвух бакоў, каб канстатаваць, ці існуюць умовы для гэтага шляху», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, адказваючы на пытанне журналістаў, паведаміла беларуская рэдакцыя паратала Vatican News.
Размаўляючы з журналістамі па дарозе з Абу-Дабі ў Рым, Францішак не выключыў пасрэдніцтва Апостальскай Сталіцы ў якасці апошняй меры, калі ўсе іншыя ўжо выкарыстаныя.
Такі варыянт, падкрэсліў ён, магчымы толькі тады, калі аб гэтым папросяць абодва бакі. «Гэта — абавязковая ўмова», — патлумачыў Папа.
Раней, праводзячы прэс-канферэнцыю на борце самалёта падчас пералёту з Панамы ў Рым, Святы Айцец прызнаўся, што яго непакоіць магчымасць праліцця крыві ў Венесуэле. Пантыфік падкрэсліў, што з’яўляецца пастырам усіх венесуэльскіх католікаў і адстойвае інтарэсы ўсяго народа гэтай краіны.