Пошук

18.07.2026 20:31   Фота: Ганна Статкевіч / Catholic.by

У суботу 18 ліпеня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі трагічная падзея землятрус, які прынёс мноства смяротных ахвяраў і пацярпелых, у геаграфічна далёкай, але духоўна блізкай Беларусі паўднёваамерыканскай Венесуэле — сабрала на супольную малітву біскупаў, святароў, манаскіх асоб, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і вернікаў, якія сваёй прысутнасцю выразілі чалавечую і хрысціянскую салідарнасць з народам пацярпелай краіны.

Узначаліў Эўхарыстыю, якая распачалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці, Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Разам з ім канцэлебравалі Імшу Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі і святары. Сярод Дыпламатычнага корпусу прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамочны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Франклін Рамірэс Араке, па ініцыятыве якога адбылася супольная малітва.

Напачатку арцыбіскуп Станеўскі назваў інтэнцыю святой Імшы за тых, хто загінуў і пацярпеў у выніку землятрусу ў Венесуэле, а таксама за венесуэльскі народ, аб мужнасці перад абліччам трагедыі і ўмацаванні ў веры.

У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі нагадаў, што 24 чэрвеня «два спусташальныя землятрусы», якія прайшлі адзін за другім, «забралі жыцці, разбурылі цэлыя сем’і, зруйнавалі супольнасці і пакінулі пасля сябе не толькі раны, але і велізарныя страты».

Нунцый падкрэсліў, што катастрофа ў Венесуэле «датычыць не толькі адной нацыі, але закранае ўсю чалавечую сям’ю, таму што боль і пакуты аднаго народа, калі яны такія вялікія, заклікаюць да спагады ўсіх».

Звяртаючыся да чытанняў, узятых з Літургіі слова, іерарх узгадаў прарока Міхея, які паказвае, што Бог «не застаецца абыякавым да болю свайго народа», і «нічога не ўтоена ад сэрца Пана». «І гэтая ўпэўненасць суцяшае нас, бо Пан ніколі не забывае ніводнага са сваіх дзяцей, нават тых, каго трагедыя забрала раптоўна і жорстка», — адзначыў ён.

Псальміст таксама абвяшчае, што «бедны не будзе забыты назаўсёды». Гэта абяцанне, паводле прамоўцы, сёння дасягае Венесуэлы як бальзам.

«Любоў Бога мацнейшая за разбурэнне, Яго міласэрнасць мацнейшая за смерць, Яго вернасць мацнейшая за страх»,

— з абнадзейваючай маральнай упэўненасцю сказаў ён.

У Евангеллі Езус прадстаўляецца адрасатам Божага слова як Слуга, які «не пераломлівае надламанай трысціны і не гасіць тлеючы кнот» (пар. Іс 42, 3). Гэта вобраз Яго бясконцай далікатнасці: «Хрыстус блізкі да ран свайго народа», Ён «не пакідае тых, хто церпіць, і не ламае тое, што ўжо паранена», а наадварот, «ідзе побач з тымі, хто плача, падтрымлівае тых, хто хістаецца, асвятляе тых, хто больш не бачыць дарогі». Таму, падсумаваў нунцый:

  • «мы ўзносім малітвы аб вечным супакоі для тых, хто страціў жыццё, просячы, каб Пан прыняў іх у свае абдымкі, у сваё святло міру, у месца, дзе спачываюць праведнікі»;
  • «мы молімся аб суцяшэнні для тых, хто выжыў, і для пацярпелых сем’яў, каб яны знайшлі падтрымку, сілу і суцяшэнне ў братэрскай салідарнасці свайго народа»;
  • «мы таксама просім Божага благаслаўлення на аднаўленне краіны, каб кожнае грамадзянскае і інстытуцыйнае намаганне суправаджалася шчодрым супрацоўніцтвам з боку міжнароднай супольнасці і надзеяй, якая нараджаецца з веры».

Іерарх, які перад прыбыццём у Беларусь амаль 5 гадоў служыў у Венесуэле, падзяліўся з прысутнымі сваім асабістым перажываннем гэтай трагедыі: «Боль Венесуэлы — гэта боль, які я цалкам падзяляю і які кранае мяне асабіста, бо шмат маіх сяброў і знаёмых пакутуюць у гэты момант»; «частка майго жыцця церпіць разам з вамі і моліцца разам з вамі, дарагія браты-венесуэльцы».

Касцёльны дыпламат адзначыў, што «прысутнасць Пасла Франкліна Рамірэса і членаў Дыпламатычнага корпуса — гэта каштоўны знак», бо «трагедыя Венесуэлы з’яўляецца заклікам да салідарнасці, адрасаваным усім: народам, інстытуцыям, супольнасцям, асобным людзям». Арцыбіскуп Чэффаліа запэўніў: «Апостальская Сталіца і Апостальская нунцыятура ў Беларусі запэўніваюць у сваёй блізкасці, малітве і гатоўнасці падтрымаць любую ініцыятыву, накіраваную на аказанне дапамогі і аднаўленне».

Далей прамоўца ўзняў тэму надзеі, цноты, што з'яўляецца «святлом, якое працягвае ззяць», і якая дапамагае Венесуэле «праходзіць праз доўгую і балючую ноч». Хрысціянская надзея, паводле яго слоў, «не забірае боль і не імкнецца сцерці тое, што раніць», але яна «дае святло, якое падтрымлівае сэрца і накіроўвае жыццё».

«У надзеі вернік адкрывае, што зло не мае апошняга слова, што раны могуць стаць месцам абнаўлення, а жыццё, атуленае Божым клопатам, заўсёды мае ў сабе сілу ўзняцца і пачаць нанова»,

— навучаў нунцый, выражаючы перакананне, што «калі народы яднаюцца, калі нацыі працягваюць адна адной руку, калі супольнасці ўзаемна дапамагаюць, тады годнасць народа, які не здаецца, ззяе такой прыгажосцю, якую ніводная трагедыя не можа знявечыць».

Завяршаючы гамілію, арцыпастыр пажадаў, каб для моцнага і мужнага венесуэльскага народа, які «носіць у сабе сілу, мацнейшую за разбурэнне, трываласць, якую нельга перамагчы руінамі, і веру, глыбейшую за страх», надзея стала «тым дарам, які Пан дорыць Венесуэле і ўсім нам» і каб гэтая краіна мела сілу зноў падняцца.

Напрыканцы Імшы да прысутных прамовіў Пасол Венесуэлы ў Беларусі Франклін Рамірэс Араке. Ён падзякаваў нунцыю і ўсім сабраным за салідарнасць з цярпеннем венесуэльскага народа, а таксама ўсяму беларускаму народу за аказаную падтрымку.

«Вера вучыць нас, што смерць — гэта не канец. Гэта даказвае, што нават з глыбіні руін прарастае насенне. Мы верым у адраджэнне не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае»,

— сказаў дыпламат.

Яго завяршальнае пажаданне прагучала як малітва: «Няхай Бог у сваёй бязмежнай міласэрнасці благаславіць пацярпелых, суцешыць смуткуючых, умацуе веру тых, хто аднаўляе знішчанае і захавае шчырае сяброўства паміж нашымі народамі».

Абноўлена 19.07.2026 01:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.