Венесуэльскі епіскапат абвясціў, што 2 лютага стане днём малітвы, каб увесь народ «заставаўся верным Богу» і прасіў мірнага вырашэння трагічнага палітычнага і эканамічнага становішча краіны.
Як паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у канцы 115-га пленарнага пасяджэння біскупы асудзілі існуючы рэжым, які прывёў да «разбурэння нацыі», і заклікалі да як мага хутчэйшых дэмакратычных зменаў у Венесуэле.
Нястрымная інфляцыя, дэвальвацыя валюты, якая збядніла ўсё насельніцтва і значна пагоршыла якасць жыцця – вось асноўныя абвінавачванні біскупаў у адрас улады. Яны звярнулі ўвагу на тое, што людзі масава эмігруюць, а паліцыя і армія іх прыніжаюць на межах. На думку біскупаў, эміграцыя з’яўляецца «найбольш яскравым сведчаннем вялікай паразы дзяржаўнай палітыкі, якую праводзіць урад».
Па іх словах, Венесуэла пакутуе ад «катастрафічных наступстваў эканамічнага ўзору», навязаных камуністычным рэжымам, і ідэалогіі, якая збядніла ўсіх, асабліва самых бедных.
Таму епіскапат заклікае да «акту адвагі», які заключаецца ў радыкальнай змене палітычнага кірунку. Аднак для садзейнічання дэмакратычным зменам свабодныя выбары павінны праводзіцца ў прысутнасці назіральнікаў з іншых краін, і яны павінны адбыцца як мага хутчэй, падкрэслілі біскупы.
Як адзначае КАІ, «няўмелае кіраванне прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры прымусіла тры мільёны грамадзян эміграваць». Тыя, хто застаўся ў краіне, «не могуць задаволіць свае асноўныя патрэбы з-за гіперінфляцыі, недахопу ежы і пітной вады». У той жа час улады Каракаса «цвёрда адмаўляюцца прымаць эканамічную і гуманітарную дапамогу, апісваючы гэта як спробу знешняга ўмяшання ў справы дзяржавы, прызнаючы сябе ахвярамі эканамічнай вайны, выкліканай ЗША».