Пошук

06.02.2019 08:19   Паводле: CNA / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота. aa.com.tr

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура напісаў ліст папу Францішку, у якім просіць Святога Айца выступіць пасрэднікам ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў яго краіне.

Пра гэта са спасылкай на дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала П’етро Параліна паведаміла 5 лютага Каталіцкае агенцтва навін CNA.

Напярэдадні Мадура сам распавёў пра сваю просьбу ў інтэрв’ю італьянскаму тэлебачанню. Ён просіць Папу дапамагчы на шляху дыялогу.

«Папа ведае, што я — практыкуючы католік. Я малюся хрысціянскімі малітвамі і ўдзельнічаю ў абрадах. У гэтым духу я папрасіў дапамогі», сказаў Нікалас Мадура ў інтэрв’ю Sky Tg24.

Варта адзначыць, што Святы Айцец не падтрымлівае ніводзін з бакоў у венесуэльскім крызісе. Падчас свайго вяртання з Панамы папа Францішак заўважыў, што для яго як для пастыра было б неразважліва стаць на той ці іншы бок у супрацьстаянні, якое сёння раскалола венесуэльскае грамадства і міжнародную супольнасць.

«У гэты момант я падтрымліваю ўвесь венесуэльскі народ. Гэты народ пакутуе як з аднаго, так і з другога боку. Усе людзі церпяць», — сказаў 28 студзеня Святы Айцец. Ён заклікаў да справядлівага і мірнага вырашэння канфлікту без праліцця крыві.

Абноўлена 06.02.2019 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця