Святога Айца, які з 23 студзеня знаходзіцца ў Панаме, пастаянна інфармуюць пра тое, што адбываецца ў Венесуэле. Пантыфік уважліва сочыць за развіццём падзей у краіне і моліцца за ахвяр насілля і за ўсіх венесуэльцаў.
Пра гэта са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Алесандро Джызоцці паведамляе беларуская рэдакцыя паратала Vatican News. Апостальская Сталіца падтрымлівае ўсе намаганні, якія дазваляюць спыніць пакуты мясцовага насельніцтва.
Таксама кардынал Балтасар Порас Кардоса, Апостальскі адміністратар архідыяцэзіі Каракаса, які знаходзіцца ў Панаме на Сусветных днях моладзі, заклікаў сілы бяспекі сваёй краіны паважаць права людзей на пратэст і нагадаў аб праве святароў прысутнічаць на маніфестацыях, «калі яны не з’яўляюцца іх асноўнымі дзеючымі асобамі, без палітычных лозунгаў і з братнім стаўленнем».
Неабходна проста «суправаджаць і абараняць людзей, асабліва тых, хто найбольш уразлівы, і даць ім надзею, радасць і мір», — лічыць венесуэльскі кардынал.