Пошук

10.04.2018 13:26   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
© 2018 Europe 1

9 красавіка ўвечары ў калежы Бэрнардынаў адбыўся прыём, арганізаваны Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў Францыі, на якім прысутнічала каля 400 запрошаных гасцей, у тым ліку прэзідэнт Рэспублікі Эмануэль Макрон і міністр унутраных справаў краіны Жэрар Каломб, які з’яўляецца адказным за адносіны з рэлігійнымі супольнасцямі.

Важным знакам увагі, якую Касцёл надае самым слабым, былі «шэсць сведкаў слабасці». Менавіта гэтыя людзі, якія ў сваім жыцці сутыкнуліся з вялікімі праблемамі, сваімі аповедамі распачалі вечарыну ў старажытным цыстэрцыянскім калежы.

Пасля іх сведчанняў слова ўзяў Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі арцыбіскуп Марсэльскі Жорж Панцье, які падкрэсліў неад’емную годнасць кожнай чалавечай істоты, што так яскрава паказалі прыклады «сведкаў слабасці». Іерарх заклікаў лічыцца з патрэбамі самых бедных дзеля пабудовы братэрскага, справядлівага і салідарнага грамадства.

Кіраўнік французскага епіскапату не пакінуў без увагі і дэбаты адносна перагляду законаў у сферы біяэтыкі, якія прымушаюць задумацца над пытаннем: «Які свет жадаем мы бачыць заўтра?»

У тым, што датычыцца заканадаўства ў сферы біяэтыкі, арцыбіскуп Панцье заклікаў да асцярожнага падыходу ў інтарэсах будучых пакаленняў і выказаў заклапочанасць магчымасцю з’яўлення «вялікага рынку пракрэацыі». Закрануўшы пытанне магчымай легалізацыі эўтаназіі, іерарх выступіў супраць такога грамадства, якое б пажадала «даваць смерць».

«Грамадства павінна даваць перспектывы жыцця, добразычлівасці <…>, сяброўства і салідарнасці»,— зазначыў арцыбіскуп Панцье.

Выказаўшы шкадаванне з-за стану «пастаяннага недаверу» ў адносінах да ісламу, кіраўнік французскага епіскапату прапанаваў дапамогу Каталіцкага Касцёла ў гэтым пытанні для лепшай арганізацыі дыялогу.

Пасля арцыбіскупа Жоржа Панцье выступіў прэзідэнт Эмануэль Макрон. У сваёй прамове, якая доўжылася каля гадзіны, ён выказаў жаданне наладзіць адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама сваю прыхільнасць да каталіцтва.

Гэтая прамова прэзідэнта Францыі, які неаднаразова падкрэсліў сваю зацікаўленасць рэлігійнымі пытаннямі, стала беспрэцэдэнтнай, бо Касцёл упершыню арганізаваў такое мерапрыемства. На думку Эмануэля Макрона, Касцёл адыгрывае значную ролю ў французскім грамадстве і часта пашырае гарызонты Еўропы.

Прэзідэнт падзякаваў французскім біскупам за запрашэнне і распачаў сваю прамову з ушанавання памяці падпалкоўніка Арно Бэльтрама, які загінуў у тэрарыстычным акце ў Трэбе, аддаўшы сваё жыццё за ўратаванне жанчыны-закладніцы. На думку кіраўніка дзяржавы, гэта прыклад таго, як высока можа ўзняцца чалавек, які ў сваіх паводзінах кіруецца каталіцкай верай.

Прэзідэнт узгадаў таксама гісторыю кс. Жака Амэля, святара, забітага падчас Імшы ў вясковым касцёле непадалёк ад Руана. Ён высока ацаніў дзейнасць такіх каталіцкіх арганізацый, як «Усходняя ініцыятыва», якая аказвае дапамогу пераследаваным хрысціянам з Блізкага Усходу, «Карытас» і супольнасць св. Эгідыя, якая спрыяла адкрыццю гуманітарных калідораў.

«Так, Францыя ўмацавалася дзякуючы намаганням католікаў. Католікаў, якія былі гатовымі аддаць жыццё, і не толькі за ідэалы гуманізму або маральныя прынцыпы, а за сваю веру ў Бога і за сваю рэлігійную практыку»,— падкрэсліў прэзідэнт Макрон.

Пры гэтым французскі лідар адзначыў, як часта ў сваёй гісторыі Францыя належным чынам не прызнавала ролю католікаў. Ён казаў пра «погляд недаверу», які бачыў у католіках «ваяўнічую меншасць» або наогул толькі «каталіцкі электарат».

«Аднак я перакананы, што каталіцкае насенне можа і павінна цяпер і заўсёды даваць жыццёвую моц нашаму народу. Я тут для гэтага; я тут для таго, каб сказаць, што Рэспубліка чакае ад вас, католікаў, трох дароў: дару вашай мудрасці, вашай дзейнасці і вашай свабоды», — дадаў прэзідэнт.

Для таго, каб «наладзіць сапсаваную сувязь» паміж Каталіцкім Касцёлам і французскай дзяржавай, на думку яе кіраўніка, «не існуе іншага сродку, акрамя дыялогу ў праўдзе». Эмануэль Макрон лічыць, што такі дыялог неабходны, паколькі «Касцёл, які б імкнуўся не цікавіцца часовымі пытаннямі, не змог бы цалкам рэалізаваць сваё пакліканне», таксама, як прэзідэнт Рэспублікі, «які б імкнуўся не цікавіцца Касцёлам і католікамі, не выканаў бы свайго абавязку».

«У час вялікай слабасці грамадства, калі сама тканка народа можа не вытрымаць і разарвацца, я лічу сябе адказным за тое, каб не даць разбурыць давер католікаў у адносінах да палітыкі і палітыкаў, — зазначыў кіраўнік дзяржавы, які прысутнічаў на вечарыне ў суправаджэнні сваёй жонкі Брыжыт Макрон. —

Пад уплывам жыццёвых, асабістых і інтэлектуальных фактараў у мяне склалася найлепшая думка пра католікаў.І мне не здаецца ні нармальным, ні добрым, каб палітык з усіх сілаў імкнуўся ці іх выкарыстоўваць, ці іх ігнараваць».

Варта адзначыць, што на вечарыну былі запрошаны як прадстаўнікі палітычнай і бізнес- эліт краіны, кіраўнікі прадпрыемстваў, інтэлігенцыя, так і пажылыя асобы, інваліды і малазабяспечаныя.

Па матэрыялах інфармацыйных агенцтваў.

Абноўлена 10.04.2018 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа