21 сакавіка, у дзень пахавання ў нямецкім Майнцы кардынала Карла Лемана, быў абнародаваны «духоўны тэстамент» гэтага шматгадовага кіраўніка епіскапату Германіі і аднаго з заснавальнікаў Renovabis.
У гэтым сваім духоўным запавеце, складзеным у сакавіку 2009 г., кардынал Леман між іншым піша:
«Усе мы, асабліва пасля 1945 года, глыбока „закапаліся“ ў свет, у гэтае прамінальнае жыццё і сутаргава трымаемся за яго; гэта датычыцца таксама і Касцёла. Але ў тым ліку гэта датычыцца і мяне. Я прашу за гэта прабачэння ў Бога і ў людзей».
На думку іерарха, «аднаўленне павінна быць плёнам глыбокай веры, надзеі і любові».
Кардынал Леман асцерагае таксама ад утрапёнага імкнення да ўлады. Ён сам рэгулярна нагадваў сабе пра тое, «наколькі небяспечнай можа быць улада і як яе выкарыстоўваюць людзі».
Аўтар «тэстаменту» прызнаўся ў ім, што ён рэгулярна і ўсё больш пакутаваў ад таго, што зямля і чалавечае жыццё на ёй «шмат у чым цудоўнае, прыгожае і захапляльнае, і ў той жа час глыбока амбівалентнае, знішчальнае і жорсткае».
На думку пастыра, найбольш выразнымі праявамі бязвер’я і граху з’яўляюцца «гвалтоўнае мысленне і імкненне да ўлады любым коштам».
Былы старшыня Канферэнцыі біскупаў Германіі напісаў, што больш за 20 гадоў з прыемнасцю нёс гэтае служэнне:
«Для мяне заўсёды было важна падтрымліваць адзінства веры ў разнастайнасці нашага жыцця, без павязкі на вачах і без уніфікацыі».
«Тэалогія і Касцёл вызначылі маё жыццё. Калі б мне трэба было выбіраць яшчэ раз, я б выбраў тое самае», — сцвердзіў кардынал у «тэстаменце». Ён таксама падзякаваў у ім Богу за ўсе атрыманыя ў жыцці дары, асабліва за ўсіх сустрэтых людзей, за бацькоў, настаўнікаў і за родныя мясціны.
На заканчэнне свайго запавету арцыбіскуп Майнца звярнуўся да нашчадкаў:
«Выберыце добрага наступніка! Маліцеся за мяне. Да пабачэння».
Насамрэч кардынал Леман сам пасвяціў свайго наступніка на біскупскай кафедры, якім стаў Петэр Кольграф. Гэтае біскупскае пасвячэнне, якое адбылося 27 жніўня 2017 года, было апошнім з’яўленнем на публіцы «нашага Карла», як называлі спачылага кардынала жыхары Майнца.