11 лютага памёр кардынал Карл Леман, які больш за 20 гадоў узначальваў нямецкі епіскапат і стаяў ля вытокаў Renovabis — ініцыятывы, прызначанай дапамозе Касцёлу ва Усходняй Еўропе.
Карл Леман нарадзіўся 16 мая 1936 г. у Зігмарынгене на Паўднёвым Захадзе Германіі. Падчас Другога Ватыканскага Сабору ён быў асістэнтам вядомага тэолага езуіта Карла Ранэра і ўсім сваім служэннем у Касцёле імкнуўся да рэалізацыі пастановаў гэтага лёсавызначальнага Сабору. Пра шырокае прызнанне яго ўнёску ў развіццё сучаснай каталіцкай тэалогіі сведчаць атрыманыя ім навуковыя ступені honoris causa многіх універсітэтаў свету, а таксама падтрымка такога знакамітага тэолага, як Ёзэф Ратцынгер (папа Бэнэдыкт XVI), з якім ён пазней часам вёў тэалагічныя дэбаты.
Пасля зменаў ва Усходняй Еўропе іерарх, які ў той час узначальваў Канферэнцыю Біскупаў у Германіі, спрыяў стварэнню ініцыятывы Renovabis для аказання салідарнай братэрскай дапамогі ў адраджэнні Касцёла ў краінах былога сацыялістычнага блоку, якія перажылі пераслед веры. Дзейнасць гэтай дабрачыннай ініцыятывы нямецкага Касцёла стала вялікай дапамогай таксама для адраджэння і развіцця Касцёла на Беларусі.
Карл Леман, якога св. Ян Павел ІІ менаваў кардыналам адначасова з Вальтэрам Касперам і Хорхе Марыё Берголіа (папам Францішкам), у якасці выбаршчыка ўдзельнічаў у абранні двух апошніх Пантыфікаў.
Вечны адпачынак дай яму, Пане.