Пошук

28.07.2018 09:14   Ілья Лапато / Catholic.by
фота: архіў «Рэнавабіс»

Адзін з дырэктароў «Рэнавабіс» Герхард Альберт пасля 22 гадоў працы сыходзіць на пенсію. Яго месца кіраўніка аддзела краін і праектаў зойме Букхард Ханеке, які раней узначальваў аддзел інфармацыі і кааперацыі.

«Рэнавабіс» — касцёльная арганізацыя з цэнтральным бюро ў нямецкім Фрайзінгу, якая падтрымлівае дабрачынныя праекты ў 29 краінах Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі, дзе фінансуе праекты Касцёла і Царквы ў галіне дабрачыннасці, адукацыі і СМІ.

Хто кіруе «Рэнавабіс»

Кіраўніцтва «Рэнавабіс» фактычна ажыццяўляюць тры асобы: два свецкія дырэктары (кожны з іх адказвае за працу аднаго з аддзелаў) і святар, які выконвае функцыю генеральнага дырэктара (сёння гэта — кс. Хрысціян Хартль).

Кіраўніцтва «Рэнавабіс»: кс. Хрысціян Хартль (генеральны дырэктар), Букхард Ханеке і др. Маркус Інгенлант

На змену Ханеке ў якасці кіраўніка ў аддзел інфармацыі і кааперацыі прыйдзе др. Маркус Інгенлант, які да гэтага працаваў генеральным сакратаром нямецка-французскага моладзевага саюза.

У гуратцы з Catholic.by Герхард Альберт прыгадаў час стварэння «Рэнавабіс» і развіццё Еўропы ў гэты перыяд.

— Я нарадзіўся ў Заходняй Германіі. Пра тое, як жывуць людзі на ўсходзе, я ведаў зусім мала. Родзічаў з усходу ў мяне не было, а атрымаць інфармацыю адтуль было вельмі цяжка.

фота: архіў «Рэнавабіс»
Падзеі, якія здарыліся ў маёй краіне ў 1989 годзе, а пазней і ў іншых краінах Еўропы, прымусілі мяне па-іншаму паглядзець на Усходнюю Еўропу. Памятаю, амаль кожны вечар у пачатку 1990-х я глядзеў навіны па тэлевізары, каб сачыць за падзеямі ў свеце.

Было цікава, па якім сцэнарыі будуць развівацца еўрапейскія краіны. Стварэнне «Рэнавабіс» было не простай справай. Мы хацелі падтрымаць братоў на Усходзе і дапамагчы католікам выйсці з «закрытай сакрыстыі» ў грамадства.

Людзі на Усходзе знаходзіліся ў няпростай сітуацыі. Яны адчувалі недавер адно да аднаго. Пасля путча ў Маскве і распаду СССР у былых постсавецкіх краінах назіралася незвычайная эўфарыя.

Прыблізна такім я памятаю час, калі 25 гадоў таму ствараўся «Рэнавабіс».

Cпачатку трэба было пераканаць біскупаў, што такая арганізацыя патрэбна. Пасля — знайсці грошы на яе ўтрыманне з ахвяраванняў вернікаў.

Мы былі ідэалістамі, але я ганаруся гэтым і сёння: нягледзячы на ўсе рызыкі, арганізацыя была створана.

Пасля быў 2004 год і пашырэнне межаў Еўрапейскага саюза. Ідэя была ў тым, каб праз прымірэнне аб’яднаць еўрапейскую сям’ю і стварыць перадумовы для палітычнага, экамамічнага і культурнага абмену. Сёння ў Еўропе, на жаль, «какафонія»: кожны дзейнічае на свой лад.

2015 год прынёс хвалю мігрантаў у краіны Заходняй Еўропы. Згадваю, як у 1960-я ў Германіі з’явіліся першыя туркі. Мне тады было 12 гадоў, і я добра памятаю, як са здзіўленнем цікаваў за адным туркам, які трымаў у руках нешта кшталту ружанца.

Тады ў Германіі яшчэ не было назвы «гастарбайтэр», бо ніхто не думаў, што туркі не вернуцца на сваю радзіму.

З туркамі ў Германію масава прыйшоў іслам — новая для нас рэчаіснасць.

Паступова пачалася дыскусія пра культурную інтэграцыю і іслам, а таксама пра душпастырскую апеку новых нямецкіх грамадзян. Але і сёння гэтае пытанне да канца не вырашанае.

Якой я бачу Еўропу заўтра? У мяне няма адказу. Мадэль пашырэння межаў як палітычная стабілізацыя магла б быць добрай магчымасцю для палітыкі Еўрапейскага саюза. Але тое ж членства Турцыі ў ЕС пакуль цяжка ўявіць.

Я ўпэўнены, што ў інтэрэсах Еўропы трымаць «дзверы» адкрытымі, трэба толькі звяртаць увагу на геаграфію Еўропы.

Якой я бачу бучыню Рэнавабіс? У працягу працэсаў абмену. Ужо зроблена многае, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Напрыклад, пашыраць праекты для людзей з абмежаваннямі.

Адзін з новых накірункаў у працы «Рэнавабіс» — праца з мясцовымі Касцёламі і супольная дапамога там, дзе Касцёл знаходзіцца ў меншасці. Напрыклад, сумесна з Касцёлам у Польшчы мы падтрымліваем Каталіцкі Касцёл у Малдове.

Спадзяюся, у Еўропе будзе дасягнута адзінства, якое стане моцай — у правах, свабодах, павазе да людзей. Наша будучыня ў тым, каб жыць і ўзрастаць разам.

У Еўропе мы ўсе суседзі, іх не выбіраюць, іх не змяніць, ад суседзяў можна толькі з’ехаць (усміхаецца). Як казаў святы Аўгустын: час такі, якія людзі побач.

Даведка:

Герхард Альберт нарадзіўся ў 1952 годзе ў Бамбергу (Баварыя). Па адукацыі гісторык. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Да прызначэння дырэктарам «Рэнавабіс» працаваў у сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Германіі. Жанаты, бацька чатырох дзяцей.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця