Пошук


Для многіх эстонцаў стала сюрпрызам навіна пра візіт Папы Рымскага ў іх невялікую краіну, паколькі Пантыфік дагэтуль не наведаў значна больш важныя месцы, такія, як Францыя ці Аргенціна. Пра гэта паведаміў Апостальскі адміністратар Эстоніі біскуп Філіп Жардан.

Іерарх адзначыў, што жыхары краіны чакаюць ад Пантыфіка паслання міру і надзеі. Талін стане апошнім месцам, якое Святы Айцец наведае у рамках сваёй «балтыйскай» пілігрымкі ў верасні.

«Наша грамадства мае патрэбу ў ін’екцыі духу. Католікі тут складаюць менш за 1 працэнт насельніцтва. Аж 75 працэнтаў эстонцаў лічаць сябе „людзьмі без веры“. Мы адчуваем сябе ўсё больш і больш бяспечнымі матэрыяльна і ўсё больш і больш згубленымі духоўна», — падкрэсліў 57-гадовы іерарх, які паходзіць з Францыі і належыць да Прэлатуры Opus Dei.

Ён адзначыў, што менавіта па гэтай прычыне дэвізам папскай пілігрымкі былі абраныя словы з папулярнай эстонскай народнай песні «Прачніся, маё сэрца».

Сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу Апостальскага падарожжа Яна Паўла II у тры краіны Балтыі: Літву, Латвію і Эстонію. Пантыфік наведаў іх 4–10 верасня 1993 года.

Папа Францішак прыедзе сюды таксама ва ўзгаданым месяцы — 22–25 верасня 2018 года. Як чвэрць стагоддзя таму, Эстонія стане апошнім і самым кароткім этапам праграмы.

Абноўлена 16.03.2018 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця