Да 100 тысяч жыхароў Ірландыі прайшлі на выходных па вуліцах Дубліна з заклікам не дазваляць забойствы ненароджаных дзяцей — не адмяняць Восьмую папраўку да канстытуцыі краіны.
Для краіны з насельніцтвам каля 6,5 млн жыхароў гэта дастаткова вялікая колькасць дэманстрантаў.
Ірландыя знаходзіцца пад вялікім ціскам знутры і звонку: прыхільнікі абортаў пры падтрымцы багатых і ўплывовых спонсараў, такіх, як Джордж Сорас, дабіліся правядзення рэферэндуму адносна легалізацыі абортаў. Рэферэндум запланаваны на май.
Мітынг за жыццё, які адбыўся ў суботу ў сталіцы Ірландыі, сабраў людзей усіх узростаў і прафесій. Варта адзначыць, што ў сваёй масе гэта не былі палітычныя актывісты ці сябры палітычных партый.
У той жа час абаронцы права дзяцей на жыццё арганізуюць валанцёраў, якія ходзяць ад дома да дома, пераконваючы суседзяў галасаваць супраць зменаў у канстытуцыі і не паддавацца прапагандзе з боку СМІ і палітыкаў.