У Вашынгтоне 19 студзеня вуліцамі горада ў чарговы раз пройдзе шматтысячны «Марш за жыццё». Штогадовая дэманстрацыя пралайф-актывістаў нагадвае пра 1973 год, калі ў ЗША ўзаконілі аборты.
Летась у дэманстрацыі прымаў удзел віцэ-прэзідэнт краіны Майк Пенс. Сёлета ў маршы збіраецца прыняць удзел рэспубліканец Пол Раян.
Традыцыйны «Марш за жыццё» сёння — адна з найбольш гучных палітычных пратэстных акцый у ЗША. З прыходам да ўлады Дональда Трампа тэма абортаў усё часцей знаходзіцца ў цэнтры ўвагі.
Прычым настолькі, што пралайферы спадзяюцца на адмену прынятай у 1973 годзе пастановы, калі было ўзаконена права на перарыванне цяжарнасці і былі ўнесены праўкі ў Канстытуцыю.
Спікер Палаты Прадстаўнікоў Белага Дома Пол Раян, які з’яўляецца католікам, здольны стаць на чале маршу, лічыць старшыня «Маршу за жыццё» Монахэн Манціні. На яе думку, палітык выкарыстоўвае сваё палітычнае становішча, каб «абараніць чалавека на ўсіх этапах яго жыцця».
Дэмакраты ў сваю чаргу больш стрыманыя ў адносінах да супольнасці Pro Life:
«Наша партыя мае больш праблем з сабой, чым з самім маршам», — кажа старшыня «Дэмакратаў за жыццё» Крыстэн Дэй. Многія дэмакраты ў вясковых рэгіёнах спадзяюцца на большую адкрытасць партыі да тэмы абароны жыцця.
Справа «Роў супраць Уэйда»
«Роў супраць Уэйда» — гістарычнае рашэнне Вярхоўнага cуда ЗША адносна законнасці абортаў. З’яўляецца адным з найбольш спрэчных і палітычна значных рашэнняў у гісторыі Злучаных Штатаў.
Суд прызнаў, што жанчына мае права перарываць цяжарнасць па ўласным жаданні да таго часу, пакуль плод не стане жыццяздольным. Пад «жыццяздольнасцю» ў гэтым кантэксце разумелася аўтаномнасць, «здольнасць існаваць па-за мацярынскім арганізмам, у тым ліку дзякуючы медыцынскай падтрымцы».
Прыкладным тэрмінам дасягнення аўтаномнасці з’яўляецца 7 месяцаў (28 тыдняў). На больш позніх тэрмінах аборт можа прымяняцца, калі захаванне плоду ўяўляе небяспеку для маці.
«Роў супраць Уэйда» — назва справы, якая ў 1970 годзе разглядалася ў судзе. Адвакаты Лінда Кофі і Сара Ведынгтан пад псеўданімам Джэйн Роў падалі іск супраць штата Тэхас у справе перагляду закона аб абортах. Адказчыкам тады выступіў акружны пракурор Генры Уэйд.
***
Арганізатар «Маршу за жыццё» Монахэн Манціні спадзяецца, што праз пяць гадоў, да 50-й гадавіны справы «Роў супраць Уэйда», атрымаецца адмяніць сумна вядомую папраўку ў Канстытуцыі.
«Я хацеў бы, каб нам больш не даводзілася выходзіць на падобныя маршы і каб да 2020 года мы дасягнулі пастаўленай мэты», — адзначыла адна з арганізатараў маршу Манціні.