Для набажэнства Крыжовага шляху, якое штогод у Вялікую пятніцу праходзіць у рымскім Калізеі з удзелам Святога Айца, разважанні сёлета падрыхтавала італьянская моладзь.
Папа Францішак жадае слухаць моладзь, таму менавіта моладзі ён даручыў падрыхтаваць разважанні для сёлетняга набажэнства ў Калізеі. У іх маладыя людзі падзяліліся сваім адчуваннем справядлівасці, спакусы крыжа і пошукамі арыенціраў, дыялогу і адносінаў.
Прафесар Андрэа Монда, выкладчык рэлігіі, журналіст і пісьменнік, сабраў групу моладзі, якая ўзяла ўдзел у падрыхтоўцы разважанняў.
У год, калі Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на моладзь, якой прысвечаны Сінод Біскупаў у кастрычніку, Пантыфік пажадаў, каб пра муку Хрыста разважалі менавіта прадстаўнікі маладога пакалення.
Сваё бачанне чатырнаццаці прыпынкаў Збаўцы на Крыжовым шляху апісалі 15 маладых людзей: дзве дзяўчыны вырашылі разам паразважаць над другой стацыяй: «Езус бярэ крыж». Прафесар Монда сабраў у сябе дома, як у своеасаблівым «Вячэрніку», ліцэістаў і студэнтаў, незалежна ад таго, які быў асабісты шлях веры кожнага з іх, каб разам чытаць старонкі Евангелля, на якіх ідзе гаворка пра нясенне Хрыстом крыжа. Пасля гэтага кожны выказаў тое, што нарадзілася ў яго сэрцы.
«Кагосьці больш узрушылі словы пра Вераніку, яшчэ кагосьці — пра Сымона Кірынэйца; такім чынам, размеркаваць стацыі было проста», — распавядае Андрэа Монда.
Маладыя людзі ў разважанні Крыжовага шляху заставаліся самі сабой. «Я папрасіў іх быць такімі, якія яны ёсць; не думаць, што ім трэба напісаць тэалагічныя тэксты, каб на іх не ўплывала тое, што гэта будзе чытацца падчас трансляцыі на ўвесь свет, перад Папам», — працягвае прафесар. Ён параіў моладзі ўявіць сябе ў Ерузалеме, у тую пятніцу ўжо амаль дзве тысячы гадоў таму.
У 14 разважаннях і малітвах праявіліся розныя нюансы ў адпаведнасці з адчуваннямі іх аўтараў. Хтосьці падзяліўся пачуццём несправядлівасці прысуду, вынесенага Езусу, спакусы і незразумеласці гэтай таямніцы; хтосьці — парадоксам Крыжа, які толькі ў перспектыве веры можна ўспрымаць як прыладу збаўлення, а не як нейкі абсурд, што знішчае веру ў людзей і ў справядлівасць. У тым, як Езус падымаецца пасля падзенняў, хтосьці ўбачыў прадвесце Уваскрасення, хтосьці — выраз Ягонай сілы, якая не пакідае за смерцю апошняга слова. Зрыванне з Езуса адзення выклікала ў кагосьці асацыяцыю з мігрантамі, якіх пазбавілі ўсяго, акрамя іх чалавечай годнасці, таму што нікога нельга пазбавіць годнасці. Смерць Езуса на крыжы выклікала ў кагосьці думку, што смерць — гэта тое, чаго мы не жадаем бачыць, чаго не прымаем.
Пасыл, які відаць у разважаннях моладзі, выбранай і запрошанай прафесарам Мондай, — гэта яе жаданне не застацца ў самоце на шляху веры, каб яе не асуджалі і не глядзелі на яе звысоку.
«Яны хочуць, каб з імі быў Езус, сустрэты на Крыжовым шляху, які спатыкаецца і пакутуе. Ён, пакінуты і самотны, можа зразумець жыццё падлетка і маладога чалавека, які апынаецца сам-насам са светам, не маючы ніякіх арыенціраў».
Сёлета ў разважаннях Крыжовага шляху знайшло адлюставанне ўсё тое, чаго шукае сучасная моладзь: дыялог, слуханне і адносіны.