У новым мастацкім фільме «Караваджа. Душа і кроў» (Caravaggio. L'Anima e il Sangue), прэм’ерны паказ якога праходзіць у гэтыя дні ў Італіі, славутая карціна майстра «Мадонна са змяёй» вярнулася на сваё першапачатковае месца — у ватыканскую базыліку св. Пятра.
Тое, што мы да гэтага часу маглі толькі сабе ўявіць на падставе гістарычных хронік, ажыло ў новым фільме італьянскіх кінематаграфістаў «Караваджа. Душа і кроў» (Caravaggio. L’Anima e il Sangue). Стужку, прысвечаную вялікаму майстру эпохі барока, зняў рэжысёр мексіканскага паходжання Хесус Гарсэс Ламберт (Jesus Garces Lambert), які жыве і працуе ў Італіі. Ён вядомы перадусім сваімі ранейшымі працамі ў кінадакументалістыцы, а таксама па здымках папулярных тэлесерыялаў, і фільм пра Караваджа — адзін з яго першых крокаў у мастацкім кіно.
Стужка была знятая кінакампаніямі Sky і Magnitudo Film у супрацоўніцтве з «Ватыкан медыя». І гэта ўжо не першы выпадак віртуальнага перамяшчэння мастацкага твора ў кіно. У знятым летась трохмерным фільме «Рафаэль, князь мастацтваў» (Raffaello, il Principe delle Arti) дзякуючы тэхналогіі Sky стала магчымым аднавіць алтарную сцяну Сікстынскай капэлы да «Апошняга суду» Мікеланджэла.
Дзякуючы сучасным тэхналогіям італьянскім кінематаграфістам удалося вярнуць шэдэўр Мікеланджэла Мерызі, больш вядомага як Караваджа, на тое месца, для якога карціна была першапачаткова прызначана: у алтар св. арханёла Міхала ў ватыканскай базыліцы, непадалёк ад славутага балдахіна Берніні. Віртуальнае перанясенне палатна амаль трохметровай вышыні і двухметровай шырыні стала магчымым у выніку руплівай працы і было здзейснена з дапамогаю вялізнай колькасці фотаздымкаў алтара, зробленых у розных ракурсах і пад рознымі вугламі.
Вынік атрымаўся хвалюючым і захапляльным. Мы як быццам пераносімся ў часе на чатыры стагоддзі назад, у дзень 8 красавіка 1606 г., калі Караваджa, як ён сам засведчыў у сваім адзіным уласнаручным запісе, які да нас дайшоў, «з задавальненнем» перадаў свой твор Брацтву страмянных св. Ганны (Arciconfraternita dei Palafrenieri di Sant’Anna), якія яго замовілі.
Аднак мастака чакала вялікае расчараванне: такі дарагі яму твор не спадабаўся заказчыкам. У выніку выява Мадонны са змяёй прабыла ў алтары ватыканскай базылікі ўсяго некалькі дзён: па жаданні кардынала Шыпіёнэ Баргезэ, які набыў палатно, карціну перавезлі ў галерэю гэтага славутага мецэната, дзе яна знаходзіцца да сёння. Што ж здарылася? У гісторыкаў адносна гэтага да нашых дзён так і няма адзінага меркавання…
Кампазіцыя твора натхнёная біблейскім тэкстам з кнігі Быцця, які багасловы называюць «Протаевангеллем»: «Тады сказаў Пан Бог змею: <…> „Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно скрышыць табе галаву, а ты зраніш яго пяту» (пар. Быц 3, 15). Караваджa паказаў Панну Марыю з Езусам, а таксама пажылую св. Ганну, якія знішчаюць змяю — сімвал зла.