1 млн 300 тысяч вернікаў узялі ўдзел у апошняй святой Імшы, якую папа Францішак цэлебраваў у Перу. Святы Айцец зноў заклікаў да надзеі і даў заданне моладзі і дарослым дзейнічаць разам, каб замест абшараў недаверу і ўцёкаў будаваць горад сустрэчы і салідарнасці. Супрацьяддзе ад глабалізацыі абыякавасці — жыць сёння любоўю да Бога і да бліжняга.
Апошняй вялікай падзеяй 22-га Апостальскага падарожжа папы Францішка стала святая Імша, якую ён цэлебраваў на авіябазе «Лас Пальмас» у сталіцы Перу Ліме. Складался ўражанне, што на гэтую Імшу сабраўся ўвесь горад, каб убачыцца з «Папам-сябрам», які нясе мір. У сваёй гаміліі Пантыфік рашуча заклікаў людзей не баяцца, таму што Бог — з усім народам, Ён дазваляе сустрэцца з Ім у штодзённым жыцці: у сценах дома, а таксама «ў гучным шуме пыльных дарог».
Аблічча будучыні
Аднак часам, як адзначыў Святы Айцец, недастаткова толькі ведаць, што Бог вядзе нас наперад, і здараецца штосьці падобнае, як было з Ёнам, пасланым навяртаць жыхароў Нінівы, што чалавек губляе давер і жадае ўцячы ды схавацца ад усяго таго болю і несправядлівасці, якія раздзіраюць нашыя гарады.
«Прыгледзеўшыся да горада-грамадства, мы можам заўважыць, што ў ім ёсць грамадзяне, якія атрымліваюць належныя сродкі для развіцця асабістага і сямейнага жыцця, аднак шмат і „неграмадзян“, „грамадзян напалову“, або „гарадскіх адкідаў“, якія застаюцца на ўзбочынах нашых дарог, жывуць на выселках нашых гарадоў, не маючы ўмоваў для таго, каб весці годнае жыццё, і вельмі балюча пра гэта казаць, што часта сярод гэтых „гарадскіх адкідаў“ знаходзяцца твары шматлікіх дзяцей і падлеткаў, знаходзіцца аблічча будучыні».
Сіндром Ёны
Вялікі выклік, як адзначае папа Францішак, заключаецца ў тым, каб зрабіць нашыя гарады месцам сустрэчы, салідарнасці і радасці, пераадолеўшы «сіндром Ёны», які параджае абшары ўцёкаў і абыякавасці і робіць нас «глухімі да іншых», «бяздушнымі істотамі з неўспрымальным сэрцам», а такія адносіны шкодзяць душы народа, паколькі «мера чалавечнасці вызначаецца перадусім адносінамі да цярпення і да церпячага».
«Гэта аднолькава справядліва як для паасобных людзей, так і для грамадства. Грамадства, якое не ў стане прыняць церпячых і няздольнае з дапамогаю спачування зрабіць так, каб падзяліць іх цярпенне і ў душы разам яго панесці, — гэта жорсткае і бесчалавечнае грамадства».
Валадарства Божае блізка
Заданне ў тым, каб вырушыць у дарогу, як Езус, які пасля несправядлівага і балючага арышту Яна Хрысціцеля сам пайшоў у Галілею, каб сеяць вялікую надзею прыйсця Божага Валадарства. Ён распачаў гэта з Сымонам і Андрэем, і з дапамогаю святой Ружы Лімскай, святога Турыбія, святога Марціна дэ Порэса прыходзіць таксама да нас.
«Ён дайшоў да нас, каб зноў выканаць сваё заданне і стаць новым супрацьяддзем ад глабалізацыі абыякаваці. Таму што перад гэтай Любоўю немагчыма застацца абыякавымі».
Жыць любоўю
Езус, як сцвярджае папа Францішак, «паклікаў сваіх вучняў ужо сёння жыць тым, што мае смак вечнасці: любоўю да Бога і да бліжняга», ствараючы новыя сувязі, новыя саюзы. Таму заўсёды актуальны заклік да надзеі, а таксама да навяртання, «каб не баяцца зрабіць з гэтай гісторыі гісторю збаўлення».
«Езус працягвае ісці нашымі дарогамі, як і ўчора, працягвае стукацца ў дзверы, стукацца ў сэрцы, каб зноў запаліць іх надзеяй і высокімі памкненнямі: каб прыніжэнне было пераадолена братэрствам, несправядлівасць пераможана салідарнасцю, а насілле патушана зброяй міру».
Сведкі надзеі
Існуе патрэба ў мужных сведках і вучнях-місіянерах, якія змогуць быць закваскаю «там, дзе нам дадзена жыць», «у сваім штодзённым куточку», — сказаў Святы Айцец, маючы на ўвазе, што Валадарства Нябеснае знаходзіцца паўсюль, дзе ў нас атрымліваецца паступаць з любоўю; паўсюль, дзе нам удаецца без страху ствараць такую прастору, «каб сляпыя бачылі, кульгавыя хадзілі, пракажоныя ачышчаліся».
«Сёння Пан Бог заклікае цябе разам з Ім прайсці па горадзе, па тваім горадзе. Ён кліча цябе быць Ягоным вучнем-місіянерам і такім чынам стаць удзельнікам гэтага вялікага гоману, які Ён жадае, каб няспынна гучаў у кожным кутку нашага жыцця: „Узрадуйся, Пан з табою!“»
Быць святымі ХХІ стагоддзя
На заканчэнне святой Імшы папа Францішак скіраваў сваё прывітанне і падзяку арцыбіскупу Лімы кардыналу Хуану Луісу Сіпрыяні Торну, біскупам, прэзідэнту Перу Пэдро-Пабло Кучынскі, валанцёрам і ўсяму перуанскаму народу, дзякуючы за гасціннасць, з якой яго прымалі на працягу ўсяго падарожжа, якое, па словах Папы-лацінаамерыканца, пакінула незнішчальны след у ягоным сэрцы.
«Я ўсіх вас заклікаю не баяцца быць святымі ХХІ стагоддзя. Браты перуанцы, у вас шмат падставаў для надзеі: я гэта бачыў, я да гэтага дакрануўся ў гэтыя дні. Зберажыце надзею, каб яе ў вас ніхто не скраў! Няма лепшага спосабу захаваць надзею, як зберагчы адзінства, каб усё тое, што яе падтрымлівае, з дня на дзень усё больш павялічвалася».