Пошук

22.01.2018 18:35   Паводле: Алессандро Джызоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / AFP / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

 

Падчас традыцыйнай нядзельнай малітвы «Анёл Панскі», якую папа Францішак правёў у Ліме, панавала атмасфера Сусветных дзён моладзі. На плошчы Пласа дэ Армас перуанскай сталіцы перад арцыбіскупскім палацам тысячы юнакоў і дзяўчат радаснымі воклічамі і спевамі віталі Святога Айца, які звярнуўся да іх з балкона, упрыгожанага ягоным гербам.

Сваё разважанне перад малітвай Папа прысвяціў менавіта перуанскай моладзі, звязаўшы гэта з Сінодам на тэму моладзі, які адбудзецца сёлета.

«Вашыя твары, вашыя імкненні, вашае жыццё, — сказаў Пантыфік напачатку, — вельмі важныя для Касцёла. Мы павінны ўдзяліць ім увагу, якой яны заслугоўваюць, і мець мужнасць моладзі», якая пайшла следам за Хрыстом.

Давярайце Езусу ў цяжкія моманты вашага жыцця

Папа прывёў прыклад святых, якія ўжо ў маладым узросце прысвяцілі сваё жыццё Пану і іншым людзям. Адзін з іх — святы Марцін дэ Порэс, які цалкам даверыўся Езусу, таму што ведаў, што і Пан яму давярае. І сёння таксама, працягнуў сваю думку Святы Айцец, Ён давярае моладзі і ніколі не перастане ёй давяраць. Кожнаму з нас, экспромтам дадаў папа Францішак, Пан штосьці давярае, а нашым адказам павінен стаць давер да Яго. «Вядома, — адзначыў ён, — часам гэта становіцца вельмі цяжка»; складаныя сітуацыі прымушаюць нас думаць, што не ўдасца здзейсніць мары свайго жыцця.

«Ніколі не забывайцеся, што Езус заўсёды поруч»

Менавіта ў такія моманты «не забывайцеся, што Езус поруч з вамі. Не дайце сябе перамагчы, не губляйце надзеі». Папа заклікаў моладзь звяртацца да святых, прасіць іхняга заступніцтва і памятаць, што Перу — гэта зямля, багатая на святых. Апошнія словы Святога Айца патанулі ў моцных воплесках маладых перуанцаў.

Не рэтушуйце «фоташопам» свайго сэрца: Езус вас любіць такімі, якія вы ёсць

«Езус жадае бачыць вас у руху, але ці гатовыя вы пайсці за Ім?» — спытаўся Папа ў сваіх слухачоў. Часам, заўважыў ён, ёсць такія сябры, якія могуць нас знеахвоціць сваімі паводзінамі, але Пан ніколі нас не расчароўвае.

«Вядома, вельмі прыемна глядзець на фотаздымкі пасля лічбавай апрацоўкі, але гэта добра толькі для фотаздымкаў; нельга рабіць „фоташоп“ іншым людзям, рэальнасці, самім сабе <…>. Каляровыя фільтры і высокая яркасць добрыя толькі ў відэа, але іх нельга выкарыстоўваць у адносінах да сяброў».

«Ёсць вельмі прыгожыя фотаздымкі, але цалкам адрэтушаваныя. Нельга з дапамогаю „фоташопу“ адрэтушаваць сэрца, таму што так губляецца сапраўдная любоў, так губляецца шчасце. Езус не хоча, каб табе „падрабілі“ сэрца; Ён любіць цябе такім, які ты ёсць, і мае мару, якую хоча здзейсніць з кожным з вас».

Не рэтушуйце свайго сэрца, напоўніце жыццё Святым Духам

«Калі Езус глядзіць на нас, Ён не думае пра тое, наколькі мы дасканалыя, але пра ўсю тую любоў, якую мы маем у сэрцы, каб падзяліцца ёю з бліжнімі і служыць ім».

«Для Яго толькі гэта мае значэнне, Ён толькі гэтага ад цябе патрабуе, не звяртае ўвагі на твой знешні выгляд, ці добра або дрэнна ты гаворыш, ці ты засынаеш падчас малітвы, ці ты вельмі малады або стары. Адзінае Яго пытанне — гэта: „Ці жадаеш ты ісці за Мною і быць Маім вучнем?“ Не губляй часу на рэтушаванне свайго сэрца; напоўні сваё жыццё Святым Духам!»

У наследаванні Езуса Хрыста, — сказаў на заканчэнне Папа, — ніхто ніколі не бывае адкінутым, ніколі. Нават калі мы памыляемся, Пан заўсёды дае нам новую магчымасць, каб зноў пайсці разам з Ім».

Абноўлена 23.01.2018 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.