13 чэрвеня арцыбіскуп Лімы Карлас Кастыльё цэлебраваў святую Імшу ў катэдры сталіцы Перу. Валанцёры змясцілі на лаўках і калонах святыні фотаздымкі каля 5 тыс. ахвяраў каранавірусу.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у прамоўленай гаміліі падчас Імшы, трансляцыя якой вялася на радыё, арцыбіскуп раскрытыкаваў сістэму сацыяльнай апекі, якая «грунтуецца на эгаізме і бізнэсе, а не на міласэрнасці і салідарнасці з церпячымі». Пры гэтым перуанскі іерарх перасцярог, што «могуць настаць яшчэ больш цяжкія часы, і ў нас зноў будуць тысячы фатаграфій памерлых, гэтым разам ад голаду».
На здымках ахвяраў, змешчаных у лімскай катэдры, — медыкі, паліцэйскія, пажарныя, дзядулі і бабулі, якія абдымаюць унукаў, і нават жанчына, якая танцуе са сваім сынам.
Эпідэмія CIVID-19 забрала ўжо больш за 6400 ахвяраў у краіне, насельніцтва якой складае каля 32 млн чалавек. Паводле амерыканскага інфармацыйнага агенцтва Associated Press сотні людзей памерлі, пакінутыя без усялякай дапамогі, а многія сем’і дайшлі да галечы, каб аплаціць высокія кошты медыцынскай апекі.
Перад абліччам эканамічнага крызісу, які пагражае Перу, арцыбіскуп Кастыльё заклікае суайчыннікаў да большай салідарнасці з беднымі.