Пошук

19.01.2018 12:51   Паводле: Alessandro De Carolis – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Папа Францішак спыніў картэж і затрымаўся каля служачай аховы парадку карабінераў Чылі, якую скінуў з сядла спалоханы конь.

Інцыдэнт адбыўся ў той час, калі «папамабіль» рухаўся па вуліцах горада Ікіке пасля святой Імшы, якую Святы Айцец цэлебраваў для мясцовага насельніцтва ў кампусе Лабіта. Адна са служачых падраздзялення аховы парадку карабінераў Чылі звалілася з каня, і Папа застаўся з ёю, каб падтрымаць яе, пакуль ёй аказвалі першую дапамогу.

Доўгі аўтамабільны картэж ехаў паміж хмарачосамі і акіянам, па абодвух баках натоўпы воклічамі віталі Папу, і тысячы галасоў зліваліся з ровам матацыклаў суправаджэння і шумам ад верталёта, які варажыраваў у паветры. Гэта, відаць, і напалохала каня — дастаткова палахлівую жывёлу, — які скінуў з сябе служачую аховы парадку карабінераў Чылі.

Усё здарылася ў адзін момант. Конь, якога ўтрымлівалі за аброць двое пешых карабінераў, раптам узняўся на дыбкі, скінуўшы з сябе служачую — маладую жанчыну, якая, выпаўшы з сядла, ударылася аб «папамабіль». Святы Айцец адрэагаваў вокамгненна: ён загадаў шафёру спыніцца і пешкі вярнуўся да жанчыны, да якой ужо спяшаліся з дапамогай.

Дактары з суправаджэння Папы неадкладна аказалі першую дапамогу і сцвердзілі наяўнасць усіх жыццёва важных функцый жанчыны. Сама служачая дала зразумець, што ўсё абышлося не найгорш. Неўзабаве прыбылі чылійскія медыкі, якія даставілі жанчыну ў шпіталь.

У гэтым непрыемным здарэнні вельмі яскравым было хрысціянскае сведчанне Святога Айца, які сам падышоў, каб пацікавіцца станам пацярпелай, і падтрымліваў яе ўвесь час, пакуль ёй аказвалі першую дапамогу.

Абноўлена 19.01.2018 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа