21 чэрвеня ў Чылі ад каранавірусу памёр Бэрнардыно Піньера Карвалла, Мітрапаліт Ла-Сэрэны на пенсіі, якому ў верасні споўнілася б 105 гадоў.
Як зазначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, прэзідэнт Чылі Себасцьян Піньера — пляменнік спачылага іерарха.
Бэрнардыно Піньера нарадзіўся 22 верасня 1915 года ў Парыжы. Вывучаў медыцыну і ў 1941 годзе стаў доктарам. Спецыялізацыю праходзіў у Кліўлендзе (ЗША). Пасля атрымаў тэалагічную адукацыю і ў 1947 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, стаўшы святаром дыяцэзіі Сант’яга-дэ-Чылі.
Браў актыўны ўдзел у працы Каталіцкага Дзеяння і нацыянальнага Таварыства каталіцкай жаночай моладзі, а таксама быў віцэрэктарам сталічнага каталіцкага ўніверсітэта.
У 1958 годзе Папа Пій ХІІ менаваў Бэрнардыно Піньеру дапаможным біскупам дыяцэзіі Талькі. Праз два гады ён стаў дыяцэзіяльным біскупам Тэмука. Удзельнічаў у чатырох сесіях Другога Ватыканскага Сабору і ў двух асамблеях Сіноду Біскупаў.
У 1977 годзе пакінуў пастырскае кіраванне дыяцэзіяй пасля выбару Генеральным сакратаром Канферэнцыі біскупаў Чылі. У 1983 годзе Папа Ян Павел ІІ менаваў Бэрнардыно Піньеру арцыбіскупам Мітрапалітам Ла Сэрэны. З 1984 па 1987 год ён быў Старшынёй чылійскага епіскапату, аргнізуючы ў гэты перыяд Апостальскі візіт Папы ў Чылі. У 1990 годзе выйшаў на пенсію.
30 мая арцыбіскуп трапіў у шпіталь у Сант’яга-дэ-Чылі пасля таго, як у яго быў дыягнаставаны COVID-19, якім іерарх заразіўся ў доме састарэлых, дзе жыў у апошні час.
Непасрэднай прычынай смерці стала каранавірусная пнеўманія.
Пасля адыходу ў вечнасць арцыбіскупа Піньеры, найстарэйшым каталіцкім біскупам у свеце з’яўляецца Дам’ян Ігаўсэн Барау, біскуп на пенсіі дыяцэзіі Сан-Крыстабаль-дэ-ла-Лагуна на Тэнэрыфэ, што на Канарскіх астравах. Акрамя яго яшчэ чатыры каталіцкія іерархі старэйшыя за сто гадоў.