Пошук

18.01.2018 18:48   Паводле: Paolo Ondarza – Città del Vaticano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Упершыню Папа Рымскі цэлебраваў сакрамэнт сужэнства ў самалёце. Папа Францішак благаславіў шлюбны саюз сцюардэсы і бортправадніка чылійскай авіякампаніі Latam падчас пералёту з Сант’яга ў Ікіке.

 

Пра гэта паведаміў дырэктар прэс-службы Ватыкана Грэг Бурке, які ляцеў тым самым рэйсам разам з Папам.

Незвычайны сакрамэнт сужэнства адбыўся на вышыні 36 тысяч футаў над зямлёй (каля 11 кіламетраў). Сужэнцы — 39-гадовая Паўла Падэста Руіс і 41-гадовы Карлас Куфанда Элар’яга — ужо мелі грамадзянскі шлюб і збіраліся заключыць сакрамэнт сужэнства ў Касцёле, аднак спачатку з-за землятрусу 2010 г., а потым з-за іншых перашкодаў былі вымушаны адкласці вяселле.

«Гэта вялікая радасць. Нас шлюбаваў Папа ў самалёце: не можа быць нічога прыгажэй за гэта для двух людзей, якія кахаюць адно аднаго, — падзяліўся ўражаннямі Карлас Куфанда Элар’яга. — Усё адбылося нечакана, гэта зусім не было падрыхтавана. Папа выслухаў нашу гісторыю і вырашыў благаславіць шлюб».

У сужэнскім пасведчанні напісана: «18 студзеня 2018 г., падчас папскага авіярэйсу з Сант’яга ў Ікіке, спадар Карлас Куфанда Элар’яга і спадарыня Паўла Падэста Руіс заключылі сужэнскі саюз у прысутнасці сведкі Іньясіо Куэто. Святы Айцец Францішак прыняў выраз згоды».

Абноўлена 18.01.2018 18:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.