Пошук

18.01.2018 17:32   Паводле: Adriana Masotti – Città del Vaticano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

«Без сувязі з Хрыстом мы скончым тым, што застанемся без нашых мараў», — сказаў папа Францішак маладым чылійцам, сабраным у санктуарыі Майпу ў Сант’яга. Ён заклікаў іх быць творцамі гісторыі, паўтарыўшы думку св. Альбэрто Уртадо: «Што б на маім месцы зрабіў Езус?»

Санктуарый у Майпу, што ў сталіцы краіны, сабраў учора ўвечары маладых чылійцаў на сустрэчы з папам Францішкам. Гэта гістарычнае месца нагадвае пра абяцанне народа пабудаваць святыню ў гонар Маці Божай Шкаплернай на тым месцы, дзе была атрымана перамога над іспанскім войскам, якое 200 гадоў таму, у 1818 годзе, пагражала здабытай Чылі за восем гадоў да гэтага незалежнасці.

Я ведаю, што сэрцы маладых чылійцаў мараць, і мараць пра вялікае

Папа Францішак прамовіў да маладых людзей пасля таго, як адзін з іх прывітаў яго, і ў адказ сказаў: «Бог укладае ў вашыя сэрцы мары пра свабоду, мары пра радасць, мары пра лепшую будучыню», жаданне быць «творцамі пераменаў».

«Вера выклікае ў моладзі адчуванне прыгоды, а вам падабаюцца прыгоды і выклікі. Маладыя людзі — шукальнікі і ідэалісты, якія не ведаюць спакою. Дарослыя кажуць: „Прыйдзе час, і яны пасталеюць“, або, яшчэ горш, сапсуюцца, як быццам пасталець значыць «змірыцца з несправядлівасцю, упэўніцца ў тым, што немагчыма нічога зрабіць, што так было заўсёды».

«Беручы пад увагу ўсё, што датычыцца становішча моладзі, я сёлета пажадаў правесці Сінод, а перад Сінодам — Сустрэчу моладзі, каб яны адчувалі сябе і сапраўды былі дзеючымі асобамі ў сэрцы Касцёла, каб дапамаглі нам, каб у Касцёла быў малады твар: не таму, што ён карыстаецца амаладжальнымі крэмамі, а таму, што з глыбіні сэрца ён дазваляе звяртацца да яго, пытацца ў яго сваім сынам, каб кожны дзень быць больш верным Евангеллю. Як жа вы патрэбныя Касцёлу ў Чылі, каб „узварухнуць“ нас і дапамагчы быць бліжэй да Хрыста».

Без сувязі моладзь адчувае сябе згубленай

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, наколькі важна сёння маладому чалавеку заўсёды мець сувязь з інтэрнэтам, каб батарэя яго мабільнага тэлефона была заўсёды зараджана. Цяжка адчуваць сябе адарваным ад свету, дэзарыентаваным, у дрэнным настроі. З верай тое самае. «Калі мы застанемся без гэтай „сувязі“, якая напаўняе жыццём нашыя мары, сэрца пачынае траціць моц».

«Без сувязі, без сувязі з Хрыстом, мы ўрэшце застанемся без нашых ідэяў, без нашых мараў, без нашай веры і страцім настрой. З творцаў, якімі мы з’яўляемся і хочам быць, мы можам ператварыцца ў тых, хто думае, што ўсё роўна: рабіць штосьці або не рабіць. <…> Мяне непакоіць, што, згубіўшы „сігнал“, многія думаюць, што не могуць нічога даць, і губляюцца. Ніколі не думай, што не можаш нічога даць або што табе ніхто не патрэбны.

Юнакі і дзяўчаты, любіце вашу зямлю, любіце ваш Чылі; падзяліцеся найлепшым з таго, што маеце, з вашым Чылі».

«Пароль» ад Уртадо: «Што б на маім месцы зрабіў Езус?»

У чылійскай моладзі ёсць святы, які можа быць правадыром. Папа Францішак мае на ўвазе св. Альбэрто Уртадо, езуіцкага святара, у якога было простае правіла для таго, каб атрымаць доступ да свайго сэрца. Папа яго працытаваў і сказаў моладзі паўтарыць, каб запомніць гэтае правіла, як «пароль»:

«Пароль Уртадо быў вельмі простым — калі вы не супраць, мне б хацелася, каб вы зафіксавалі яго ў вашых мабільніках. Ён задаваў сабе пытанне: „Што б на маім месцы зрабіў Езус?“ У школе, ва ўніверсітэце, па дарозе, дома, з сябрамі, на працы, з тымі, хто з вас насміхаецца: „Што б на маім месцы зрабіў Езус?“ Калі вы збіраецеся на дыскатэку, займаецеся спортам ці ідзяце на стадыён: „Што б на маім месцы зрабіў Езус?“ Гэта — пароль, падзарадка, каб уключыць нашае сэрца, каб уключыць веру і запаліць агеньчыкі ў нашых вачах. Гэта значыць быць творцамі гісторыі».

Нават у пустыні заўсёды будзе сувязь з Хрыстом

Святы Айцец заклікаў моладзь быць мужнымі і не баяцца рызыкаваць, ісці насустрач аднагодкам усюды, без страху, каб ніколі не заставацца ў самоце.

«Дарагія сябры, дарагая моладзь, будзьце маладымі самаранамі, якія ніколі не пакінуць чалавека ляжаць пры дарозе. Будзьце маладымі кірынейцамі, якія дапамагаюць Езусу несці Ягоны крыж і падзяляюць цярпенні братоў. Будзьце як Закхей, які перамяніў сваё сквапнае сэрца ў сэрца ахвярнае. Будзьце як маладая Марыя Магдалена, палымяная шукальніца любові, якая толькі ў Езусе знаходзіць такія важныя для яе адказы. Майце гатоўнасць Марыі, каб з радасцю спяваць і спаўняць Яго волю».

Абноўлена 26.01.2018 15:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця