Пошук

17.01.2018 13:29   Паводле: Giada Aquilino – Città del Vaticano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У сустрэчы з чылійскімі біскупамі папа Францішак заклікаў не аддаляцца ад «місіянерскага пасланніцтва», чуваючы над тым, каб будучыя святары працавалі плячо ў плячо з Божым народам.

У сучасным секулярызаваным свеце мы «адчуваем сябе сіротамі». У сакрыстыі катэдры ў Сант’яга Святы Айцец сустрэўся з чылійскімі біскупамі, якіх было каля паўсотні, і заклікаў іх не баяцца пазбавіцца ад усяго, што «аддаляе ад місіянерскага пасланніцтва». Папа таксама нагадаў, што іерархі маюць заданне быць блізкімі да кансэкраваных асобаў, да святароў, ставячыся да іх па-бацькоўску, але каб гэта не было «ані патэрналізмам, ані злоўжываннем уладай»: гэта павінна быць дапамога ў тым, каб «узрошчваць і развіваць» харызмы, дадзеныя Святым Духам, з усведамленнем таго, што мы — народ. Такім чынам Пантыфік закрануў тэму распаўсюджанага сёння адчування «не належаць нікому».

Мы — частка Божага народу

«Гэтае „постмадэрнісцкае“ адчуванне можа трапіць у нас і ў наша духавенства; тады мы пачынаем думаць, што не належым нікому, забываемся, што мы — частка святога Божага народу вернікаў і што Касцёл не з’яўляецца і ніколі не будзе элітаю кансэкраваных асобаў, святароў або біскупаў. Мы б не змаглі падтрымліваць нашае жыццё, нашае пакліканне або служэнне без усведамлення таго, што мы — народ».

Місія належыць усяму Касцёлу

Недастатковае ўсведамленне прыналежнасці да Божага народу «ў якасці слугаў, а не гаспадароў» нясе з сабой рызыку ўпасці ў адну са «спакусаў, якія наносяць вялікую шкоду місіянерскаму дынамізму», і гэта —

«клерыкалізм, які становіцца карыкатураю атрыманага паклікання. Недастатковае ўсведамленне таго, што місія належыць усяму Касцёлу, а не святару або біскупу, абмяжоўвае перспектыву і, што яшчэ горш, абмяжоўвае ўсе пачынанні, на якія Дух можа нас натхніць. Скажам ясна: свецкія асобы — гэта не нашыя слугі і не нашыя работнікі. Яны не павінны, як папугаі, паўтараць тое, што мы кажам».

Заклапочаны фармацыяй семінарыстаў

Папа Францішак заклікае быць пільнымі і не дапусціць гэтай спакусы «ў семінарыі і ва ўвесь працэс фармацыі» святароў заўтрашняга дня. Святы Айцец удакладніў, што іх місія павінна праходзіць паводле «канкрэтнага сцэнарыя».

«Прызнаюся вам, што я заклапочаны фармацыяй семінарыстаў, каб яны былі пастырамі на служэнні Божаму народу. Каб яны былі пастырамі. Веравучэннем, павучэннем, сакрамэнтам, блізкасцю, справамі міласэрнасці, але каб у іх было гэтае ўсведамленне народу».

Іх місія павінна адбывацца «ў братнім саюзе», «плячо ў плячо» з Божым народам, «даючы штуршок і заахвочванне свецкім вернікам у атмасферы распазнавання і саборнасці». І яшчэ раз Папа паўтарыў цвёрдае «не» клерыкалізму і ідэальным мадэлям свету, «якія не закранаюць жыцця ніводнай асобы».

«Не» самазахаванню

Заключны заклік Папы датычыўся таго, каб «звычкі, стыль, графік, мова і кожная структура Касцёла» сталі належнымі прыладамі евангелізацыі Чылі, «а не самазахавання Касцёла».

Самы стары біскуп у свеце і іншыя рэлігіі

Вітаючы прысутных, пачаўшы са старшыні мясцовай Канферэнцыі Біскупаў мансіньёра Сант’яга Сільвы, з пажаданнем таго, каб Касцёл у Чылі стаў «домам для ўсіх», Святы Айцец не забыўся і пра мансіньёра Бэрнардыно Піньеру Карвальё — найстарэйшага біскупа ў свеце «як па ўзросце, так і па гадах біскупства», — і нагадаў усім што неўзабаве прэлат адзначыць свой 103-і дзень нараджэння і 60-годдзе біскупскага пасвячэння. Ён быў удзельнікам чатырох сесій Другога Ватыканскага Сабору і з’яўляецца «прыгожым узорам жывой памяці».

Перш чым пакінуць катэдру, папа Францішак прывітаў прадстаўнікоў некаталіцкіх супольнасцяў і нехрысціянскіх рэлігій.

Абноўлена 17.01.2018 14:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.