Пошук

16.01.2018 20:00   Паводле: Debora Donnini - Città del Vaticano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Падчас святой Імшы ў парку імя Бэрнардо О’Хіггінса ў Сант’яга-дэ-Чылі, дзе ў 1987 годзе цэлебраваў Імшу таксама св. Ян Павел ІІ, папа Францішак звярнуўся да чылійскага народа з заклікам не быць канфармістамі, а працаваць дзеля прымірэння.

«Працуйце дзеля гэтага новага Чылі, дзеля міру і справядлівасці: благаслаўленні акурат выводзяць са стану нерухомасці».

У першай Імшы падчас свайго 22-га апостальскага падарожжа Святы Айцец звярнуўся ў сваёй гаміліі да евангельскіх благаслаўленняў з Нагорнага казання, нагадаўшы пра актуальнасць гэтага пасылу амаль 400 тысячам удзельнікаў цэлебрацыі, якая адбылася сёння ў парку, што носіць імя Бэрнардо О’Хіггінса — першага кіраўніка чылійскай дзяржавы.

У Сант’яга святочныя натоўпы з ватыканскімі і чылійскімі сцяжкамі ў руках радасна віталі Папу Францішка на працягу ўсяго яго шляху з палаца Ла-Манэда, урадавай рэзідэнцыі, дзе сёння раніцай адбылася сустрэча Пантыфіка з дзяржаўнымі ўладамі краіны, дыпламатычным корпусам і прадстаўнікамі грамадскасці.

Чылі ў стане ўзняцца

Благаслаўленні, — нагадаў Папа, — паходзяць не ад прарокаў няшчасця, якія сеюць расчараванне, не з ілюзій, якія абяцаюць шчасце ў адзін «клік», і не з танных прамоваў тых, хто думае, што ўсё ведае, але ні за што не адказвае і блакуе працэсы пераўтварэнняў у нашых супольнасцях і ў нашым жыцці. Але благаслаўленні паходзяць з поўнага спачування сэрца Езуса, якое выходзіць насустрач сэрцам мужчын і жанчын, якія, зведаўшы боль, яшчэ лепш ведаюць аднаўленне.

«Наколькі ж вопытнае сэрца чылійцаў у справе аднаўлення і новых пачынанняў! Да гэтага сэрца звяртаецца з заклікам Езус; для гэтага сэрца прызначаны благаслаўленні!» — усклікае Папа, ускосна маючы на ўвазе землятрусы, якія скалыналі краіну.

Благаслаўленні выводзяць са стану нерухомасці: змагайцеся за гэты новы дзень

Па сутнасці, благаслаўленні нараджаюцца ў сэрцы, якое адчувае, што «надзея — гэта новы дзень, выйсце са стану нерухомасці, абуджэнне ад негатыўнай бяздзейнасці», — падкрэсліў Святы Айцец, цытуючы славутага чылійскага паэта і палітычнага дзеяча Пабло Нэруду.

Менавіта Езус з Яго благаслаўленнямі прыходзіць, каб вывесці са стану паралізуючай нерухомасці таго, хто не верыць, што штосьці можа змяніцца, хто не верыць у перамяняльную моц Бога, і каб абудзіцца ад гэтай негатыўнай бяздзейнасці, што завецца канфармізмам, які прымушае лічыць, што лепш жыць у «спажывальніцкім спакоі», які нас падзяляе.

Благаслаўленні — «гэта той новы дзень для ўсіх тых, хто працягвае рабіць стаўку на будучыню».

«Так, шчаслівыя ты і ты, шчаслівыя вы, якія дазваляеце Святому Духу заразіць вас, якія змагаецеся і працуеце дзеля гэтага новага дня, дзеля гэтага новага Чылі, таму што вам будзе належаць Валадарства Нябеснае. „Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць“. Насуперак канфармізму, які, нібы брыдкі гоман, падрывае нашыя жыццёвыя сувязі і падзяляе нас, Езус кажа нам: „Шчаслівыя тыя, хто імкнецца да прымірэння“».

Справядлівасць — гэта патрабаванне, каб да кожнага чалавека ставіліся як да чалавека

Такім чынам, Езус называе «шчаслівымі» тых, хто не баіцца забрудзіць рукі, працуючы дзеля таго, каб іншыя жылі ў міры. «Хочаш міру? — Працуй дзеля міру», — робіць выснову Святы Айцец, нагадваючы думку кардынала Рауля Сільвы Энрыкеса, які казаў, што справядлівасць заключаецца не толькі ў тым, каб не красці, але і ў патрабаванні, каб да кожнага чалавека ставіліся як да чалавека.

Сапраўды, мір сеецца «моцаю збліжэння», моцаю выхаду насустрач таму, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Дзеля гэтага часам неабходна паступіцца сваімі вузкімі інтарэсамі і амбіцыямі і недастаткова толькі сказаць, што я, маўляў, нікому не раблю зла. Чылійскі святы Альбэрто Уртадо казаў: «Вельмі добра не рабіць зла, але вельмі дрэнна не рабіць дабра».

Абноўлена 17.01.2018 14:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця