Пошук

05.01.2018 12:14   kathpress.at

Моладзь на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, нягледзячы на няпэўнае сацыяльнае становішча, аптымістычна глядзіць у будучыню. Гэта вынік праведзенага даследавання фонду Фрыдрыха Эберта, як паведамляе каталіцкае агенцтва навін Германіі.

Каля 10 працэнтаў апытанай моладзі з Егіпта, Бахрэйна, Емена, Іярданіі, Лівана, Марока, Палесціны і Туніса «цвёрда вырашылі» эміграваць. Большасць жа маладых людзей бачыць сваю будучыню на радзіме.

Як піша адзін з выдаўцоў даследавання Ральф Хексель, стабільнасць і развіццё прыйдуць у гэты рэгіён толькі тады, калі маладыя людзі змогуць прымаць удзел у палітычным і эканамічным будаванні будучыні сваіх краін.

Асобны раздзел у даследаванні прысвечаны рэлігійнасці моладзі арабскіх краін.

94 працэнты апытанай моладзі вызнаюць іслам. Рэлігія адыгрывае ў іх паўсядзённым жыцці вялікую ролю, і гэта тэндэнцыя працягвае расці. У параўнанні з рэлігійнасцю пяць гадоў таму, моладзь абазначыла сябе як «хутчэй рэлігійную» або «вельмі рэлігійную» (66 працэнтаў сёння і 58 працэнтаў пяць гадоў таму).

«Вельмі рэлігійнымі» назвалі сябе 87 працэнтаў апытаных у Бахрэйне і 54 працэнты апытаных у Емене.

Паводле ацэнак Рашыда Оаіса, кіраўніка Цэнтра даследаванняў Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі ў нямецкім Марбургу, праведзенае даследаванне абвяргае «вельмі папулярны тэзіс пра сувязь рэлігійнасці і беднасці — рэлігійнасці і нізкага ўзроўню адукацыі». Як адзначае эксперт, апытаная моладзь паходзіла пераважна з фінансава забяспечаных сем’яў з высокім узроўнем адукацыі.

Пры гэтым, як паказала апытанне, рэлігія больш не ўспрымаецца як сродак для палітычных і/або ідэалагічных мэтаў, але як сродак для індывідуальнага перажывання і самадысцыпліны. «Рэлігія ўсё часцей становіцца духоўнасцю, у якой моладзь знаходзіць месца для ўцёкаў і крыніцу надзеі», — дадаў Рашыд Оаіс.

У апытанні прынялі ўдзел 9 тысяч маладых людзей ад 16 да 30 гадоў з васьмі краін.

Абноўлена 05.01.2018 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця