Пошук

10.11.2022 12:20   Vatican News
Фота: Daniel Ibáñez / CNA

9 лістапада падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падвёў вынікі свайго апостальскага падарожжа ў Бахрэйн.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуў увагу на тры яго аспекты: дыялог, сустрэча і дарога

Папа зазначыў, што прыбыў у Бахрэйн, каб прыняць удзел у Форуме на карысць дыялогу паміж Усходам і Захадам.

«Дыялог патрэбны, каб адкрыць для сябе скарбы тых, хто належыць да іншых народаў, традыцый, веравызнанняў. Бахрэйн — архіпелаг, які складаецца з мноства астравоў, — дапамог нам зразумець, што жыць трэба не ізалюючыся, а збліжаючыся <…> Гэтага патрабуе справа міру, а дыялог — „кісларод міру“», — падкрэсліў Пантыфік, дадаўшы, што гэта датычыцца не толькі міжнародных адносін, але таксама стасункаў у сям’і.

Папа нагадаў словы саборнай канстытуцыі Gaudium et spes пра тое, што будаванне міру патрабуе ад людзей «розумам і духам выйсці па-за межы свайго народа, каб, пазбавіўшыся ад нацыянальнага эгаізму і амбіцый панавання над іншымі народамі, яны пашыралі глыбокую пашану да ўсяго чалавецтва, якое з такімі цяжкасцямі ідзе да больш цеснага адзінства» (GS 82).

«У Бахрэйне я адчуў гэтую патрэбу і пажадаў, каб ва ўсім свеце рэлігійныя і грамадзянскія лідары былі здольнымі глядзець далей за свае межы і супольнасці, каб клапаціцца пра цэлае. Толькі такім чынам можна адказаць на пэўныя агульначалавечыя выклікі, такія, як забыццё Бога, трагедыя голаду, абарона стварэння, мір. У гэтым сэнсе Форум дыялогу пад назвай „Усход і Захад за чалавечае суіснаванне“ заклікаў выбраць шлях сустрэчы і адмовіцца ад шляху канфрантацыі. Як нам патрэбна гэта!

Я думаю пра вар’яцкую вайну, ахвярай якой стала змучаная Украіна, і пра шмат іншых канфліктаў, якія ніколі не вырашыць інфантыльнай логікай зброі, а толькі мяккай сілай дыялогу», — сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў таксама, што дыялог немагчымы без сустрэчы, і дадаў, што ў Бахрэйне некалькі разоў чуў пажаданне, «каб паміж хрысціянамі і мусульманамі часцей адбываліся сустрэчы, каб усталяваліся больш трывалыя адносіны, каб мы больш прымалі адзін аднаго блізка да сэрца». Папа адзначыў што без шчырага прыняцця «дыялог застаецца пустым, уяўным, застаецца пытаннем ідэй, а не рэальнасці».

Пастыр паўсюднага Касцёла з цеплынёй узгадаў пра сваю сустрэчу з Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам, а таксама пра каштоўны ўрок, які даюць вучні каталіцкай школы Найсвяцейшага Сэрца: хрысціяне і мусульмане вучацца разам, лепш пазнаючы адзін аднаго, а братэрская сустрэча не пакідае месца ідэалагічным падзелам. Папа высока адзначыў мудрае сведчанне членаў мясцовай Мусульманскай рады старэйшын, якая «спрыяе добрым адносінам паміж ісламскімі супольнасцямі ў імя павагі, талерантнасці і міру, супрацьстаяння фундаменталізму і гвалту».

Святы Айцец заўважыў, што яго падарожжа ў Бахрэйн варта разглядаць не як асобны эпізод, але як частку шляху, які распачаў святы Ян Павел ІІ, наведаўшы Марока. «Такім чынам, першы візіт Папы ў Бахрэйн стаў новым крокам на шляху паміж хрысціянскімі і мусульманскімі вернікамі: не для таго, каб змяшаць і аслабіць веру, але для таго, каб будаваць братэрскія саюзы ў імя айца Абрагама, які быў пілігрымам на зямлі пад позіркам адзінага міласэрнага Бога Нябёсаў, Бога міру», — сказаў Пантыфік, адзначыўшы, што дыялог патрабуе добрага асэнсавання ўласнай тоеснасці.

«Дыялог, сустрэча і дарога у Бахрэйне адбываліся таксама і паміж хрысціянамі: першая сустрэча, па сутнасці, была экуменічнай, была малітвай за мір з дарагім Патрыярхам і Братам Барталамеем і з братамі і сёстрамі розных канфесій і абрадаў.

Гэта адбылося ў катэдральным касцёле, прысвечаным Маці Божай Аравійскай, будоўля якога нагадвае шацёр, у якім, паводле Бібліі, Бог сустрэў Майсея ў пустыні, у дарозе. Браты і сёстры ў веры, якіх я сустрэў у Бахрэйне, сапраўды жывуць „у дарозе“: у большасці сваёй гэта працоўныя мігранты, якія далёка ад дому знаходзяць свае карані ў Божым народзе, а сваю сям’ю — у вялікай сям’і Касцёла», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што падчас сустрэч з мясцовымі пастырамі, кансэкраванымі асобамі, душпастырскімі работнікамі і вернікамі, у тым ліку з іншых краін Персідскага заліва, ён прынёс ім любоў усяго Касцёла.

«І сёння я хачу перадаць вам іх шчырую, простую і прыгожую радасць», — сказаў Пантыфік, заклікаўшы вернікаў, сабраных на плошчы Святога Пятра, разважаючы пра шлях і штодзённы досвед дыялогу бахрэйнскіх хрысціянаў, адчуць сябе пакліканымі пашырыць кругагляд, адкрыць сэрцы, прысвяціць сябе пазнанню іншых, таму што, «каб ісці шляхам братэрства і міру, патрэбны ўсе і кожны».

Абноўлена 10.11.2022 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця