Пошук

08.11.2022 09:14   Vatican News
Фота: REUTERS

Падчас візіту ў Бахрэйн Папа Францішак 4 лістапада сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальтскім Барталамеем I.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, размова ў Авалі прайшла «ў атмасферы братэрства і прыязнасці».

Патрыярх Канстанцінопальскі і ганаровы кіраўнік праваслаўя ў свеце прыбыў у Бахрэйн у якасці аднаго з выступоўцаў на Бахрэйнскім міжрэлігійным форуме на карысць дыялогу. Папа Францішак таксама ўзяў удзел у цырымоніі яго закрыцця.

У сваёй прамове Барталамей І падкрэсліў, што праваслаўе мае вялікі вопыт суіснавання з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. Патрыярх адзначыў, што міжрэлігійныя сустрэчы і дыялог грунтуюцца на асабістым узаемадзеянні і становяцца эфектыўнымі тады, «калі праходзяць у духу прыхільнасці, даверу і павагі», — са спасылкай на Orthodox Times паведамляе Vatican News.

На думку Патрыярха, супраціўленне экуменічнаму і міжрэлігійнаму дыялогу, як правіла, вынікае са страху, няведання або неталерантнасці да рэлігійнай разнастайнасці.

Наадварот, сапраўдны і правільны міжрэлігійны дыялог прызнае адрозненні паміж рэлігійнымі традыцыямі і спрыяе мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж народамі і культурамі, і гэта не азначае адмовы ад сваёй веры.

Бахрэйнскі форум на карысць дыялогу быў арганізаваны Мусульманскай радай старэйшын, Вышэйшай радай ісламу і Глабальным цэнтрам мірнага суіснавання імя Караля Хамада. З мэтай навядзення дыялогавых мастоў асобныя сесіі праграмы Форуму былі прысвечаны развіццю глабальнага суіснавання і чалавечага братэрства, ролі духавенства і навукоўцаў у супрацьстаянні выклікам часу, праблемам міжрэлігійнага дыялогу і міру ў свеце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.