Пошук

13.02.2020 10:15   Паводле: Domwschodni.pl / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: La Croix

8 лютага ў катэдры святога Вінцэнта дэ Поля ў сталіцы Туніса біскупскае пасвячэнне прыняў былы пробашч парафіі святой Жанны Д’Арк у Тунісе ксёндз Нікаля Лерну.

Папа Францішак менаваў яго біскупам Канстанціна-Гіпонскай дыяцэзіі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Алжыра.

На мяжы IV і V стагоддзяў служэнне на гэтай кафедры нёс славуты біскуп святы Аўгустын.

Як адзначаецца на партале Domwschodni.pl, гэта было першае біскупскае пасвячэнне з 1962 года і першае пасля падпісання ў 1964 годзе паміж Святым Пасадам і Тунісам пагаднення Modus vivendi (спосаб жыцця).

Новапасвячаны біскуп Нікаля Лерну мае 44 гады і паходзць з мястэчка Курбевуа, што пад Парыжам. У 2004 годзе ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне для Тунісскай дыяцэзіі. З Тунісам ён пазнаёміўся яшчэ да паступлення ў семінарыю і быў захоплены гэтай краінай, дзе з 1997 па 1999 год выкладаў матэматыку.

Менавіта тут ён адчуў пакліканне да святарства і паступіў у Французскую семінарыю ў Рыме, жадаючы ў будучыні несці святарскае служэнне ў Тунісе.

Усё яго святарскае служэнне прайшло ў гэтай краіне, дзе з 2012 года ён быў апостальскім вікарыем.

Пасвяціў новага біскупа арцыбіскуп Рабата Крыстабал Лопэс Рамэра SDB разам з іншымі іерархамі, сярод якіх быў і Алжырскі арцыбіскуп Поль-Жак-Мары Дэфарж SI.

Фота: Domwschodni.pl

У адным з інтэрв’ю пасля біскупскай намінацыі Нікаля Лерну паведаміў, што да ўступлення на пасаду біскупа Канстанціна-Гіпонскай дыяцэзіі мае намер працягваць штодзённае душпастырскае служэнне ў Тунісе.

Гаворачы пра заданне служыць Касцёлу ў Алжыры і Паўночнай Афрыцы, ён прыгадаў словы святога Аўгустына Гіпонскага: «Для вас я біскуп, а з вамі — хрысціянін», а таксама святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што святасць народа заключаецца ў яго культуры.

Урачыстае ўступленне на пасаду новапасвячанага біскупа адбудзецца 29 лютага. Як выраз падзякі мясцовага Касцёла за новага біскупа з 14 па 16 лютага ў катэдры ў Тунісе пройдзе 40-гадзіннае набажэнства ў інтэнцыі пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

Абноўлена 13.02.2020 10:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа