Пошук

20.01.2023 11:54   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: unsplash

У сталіцы Іярданіі Амане прайшла 23-я Міжнародная сустрэча біскупаў на Святой Зямлі.

Як паведаміла 19 студзеня Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, удзельнікі сустрэчы заклікалі да «сапраўднага мірнага працэсу» на Блізкім Усходзе. Гэты працэс, паводле прадстаўнікоў епіскапатаў, павінен грунтавацца на праве народаў, «павінна быць гарантавана свабода палестынцаў, неабходна таксама захоўваць правы ўсіх груп насельніцтва», — сказана ў супольнай заяве.

Падпісанты дакумента падзяляюць глыбокую занепакоенасць, выказаную каталіцкімі біскупамі на Святой Зямлі ў іх пасланні на Адвэнт. Тады яны адзначылі, што іх непакоіць «ужо больш як 20-гадовая пагроза мірнаму суіснаванню ў Ізраілі, рост насілля на Заходнім Беразе Іярдана, працяг супярэчнага міжнароднаму праву будаўніцтва пасяленняў, а таксама высокая колькасць смяротных ахвяраў сярод палестынцаў».

У межах 23-й Міжнароднай сустрэчы біскупаў на Святой зямлі прадстаўнікі 15 біскупскіх канферэнцый з розных краін свету, у тым ліку 13 біскупаў, на працягу пяці дзён знаёміліся з сітуацыяй Касцёла і хрысціянаў у Іярданіі.

У сваёй заяве яны падкрэслілі іхнюю ролю ў іярданскім грамадстве, напрыклад у сферы адукацыі, а таксама ў наданні прытулку шматлікім бежанцам з рэгіёна і ў іх утрыманні. «Іярданія сёння дае прытулак значна большай колькасці бежанцаў, чым, хіба, любая іншая краіна», — сцвердзілі біскупы.

«З гэтага месца мы заклікаем нашыя краіны аказаць дапамогу, якая зняла б прынамсі частку цяжара, што нясуць жыхары Іярданіі. Заклікаем да большай падтрымкі гуманітарнай дапамогай на месцах, а таксама да прыняцця большай колькасці бежанцаў», — гаворыцца ў заяве біскупаў.

Абноўлена 20.01.2023 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця