Нядаўняе Апостальскае падарожжа ў Марока стала галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі, якую Святы Айцец правёў 3 красавіка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News.
Папа Францішак падзякаваў каралю Марока Мухамеду VI і прадстаўнікам уладаў гэтай паўночнаафрыканскай краіны, якую Святы Айцец наведаў з Апостальскім візітам 30–31 сакавіка, за цёплы прыём і супрацоўніцтва, а таксама скіраваў падзяку Богу, які дазволіў яму «зрабіць яшчэ адзін крок на шляху дыялогу і сустрэчы з мусульманскімі братамі і сёстрамі», застаючыся «„слугой надзеі“ ў сучасным свеце».
Папа нагадаў, што хрысціяне і мусульмане з’яўляюцца нашчадкамі Абрагама і што Бог дазволіў, каб існавалі розныя рэлігіі: тэолагі-схаласты называлі гэта voluntas permissivia Dei — дазваляючая воля Бога. На думку Святога Айца важна, каб паміж вызнаўцамі розных рэлігій было братэрства, асабліва паміж сынамі Абрагама.
«Мы не павінны палохацца адрозненняў: Бог дазволіў, каб яны былі. Мы павінны баяцца невыканання братэрскай працы, адмовы ад таго, каб ісці па жыцці разам», — заўважыў папа Францішак.
«Служыць надзеі ў такі час, як наш, значыць, у першую чаргу, наводзіць масты паміж цывілізацыямі. Мне было вельмі прыемна і ганарова зрабіць гэта з высакародным Каралеўствам Марока, сустракаючы яго народ і кіраўніцтва. Узгадваючы пра некаторыя важныя міжнародныя сустрэчы, якія на працягу апошніх гадоў прайшлі ў гэтай краіне, разам з каралём Мухамедам VI мы падкрэслілі фундаментальную ролю рэлігій для абароны чалавечай годнасці і спрыяння міру, справядлівасці і клопату пра стварэнне — наш агульны дом», — сказаў Папа.
«У гэтай перспектыве мы таксама падпісалі «Зварот аб Іерусаліме», каб Святы Горад заставаўся спадчынай чалавецтва і месцам мірнай сустрэчы, асабліва для вернікаў трох монатэістычных рэлігій», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец нагадаў, што наведаў маўзалей караля Мухамеда V, а таксама Інстытут Мухамеда VI, у якім праходзяць навучанне будучыя імамы, прапаведнікі і прапаведніцы. «Гэты Інстытут спрыяе такому ісламу, які з павагай ставіцца да іншых рэлігій і не прымае насілля і інтэгрызму», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа Францішак заўважыў, што падчас падарожжа асаблівую ўвагу прысвяціў міграцыйнаму пытанню. Мігранты сведчылі, што іх жыццё змяняецца і зноў становіцца чалавечым, калі яны знаходзяць грамадства, у якім іх прымаюць як людзей. «Менавіта ў мараканскім Маракешы ў снежні мінулага года была ратыфікавана Сусветная дамова па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі. Гэта важны крок да прыняцця адказнасці з боку міжнароднай супольнасці.
Як Апостальская Сталіца мы зрабілі наш унёсак, які абагульняецца ў чатырох словах: прымаць мігрантаў, абараняць мігрантаў, падтрымліваць мігрантаў і інтэграваць мігрантаў», — заўважыў Папа.
«Гаворка ідзе не пра тое, каб зверху спускаць праграмы дапамогі, але каб разам ісці праз гэтыя чатыры фазы, каб будаваць гарады і краіны, якія, захоўваючы сваю адпаведную культурную і рэлігійную тоеснасць, будуць адкрытымі для адметнасцяў і здольнымі цаніць іх, на знак чалавечага братэрства», — дадаў Святы Айцец.
Ён заклікаў з павагай адносіцца да мігрантаў, заўсёды памятаючы, што за гэтым словам стаяць рэальныя асобы. Папа таксама адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Марока вельмі актыўны ў аказанні падтрымкі мігрантам, і падзякаваў тым, хто прысвячае сябе служэнню гэтым людзям, спаўняючы словы Хрыста: «Быў падарожным, і вы прынялі Мяне».
Нядзеля 31 сакавіка была прысвечана мараканскай каталіцкай супольнасці. У першую чаргу, Папа наведаў каталіцкі сельскі сацыяльны цэнтр, які аказвае вялікую падтрымку мясцоваму насельніцтву, пасля чаго адбылася яго сустрэча з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі.
«У Марока малы статак, таму я ўзгадаў пра евангельскія вобразы солі, святла і закваскі. Важная не колькасць, а тое, каб соль была салёнай, каб святло свяціла, каб закваска магла дапамагчы падняцца ўсяму цесту», — сцвердзіў Пантыфік.
«Гэта паходзіць не ад нас, але ад Бога, ад Святога Духа, які робіць нас сведкамі Хрыста там, дзе мы знаходзімся, у духу дыялогу і сяброўства, ад хрысціянскага жыцця, у першую чаргу, паміж намі, бо, як кажа Езус, „па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго“», — нагадаў Папа.
Кульмінацыйным момантам падарожжа стала нядзельная св. Імша, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі каля 60 нацыянальнасцяў. Папа Францішак назваў гэтую падзею «аб’яўленнем Божага народа ў сэрцы ісламскай краіны».
«Прыпавесць пра Міласэрнага Айца дапамагла заззяць паміж намі прыгажосці задумы Бога, які хоча, каб усе яго дзеці прынялі ўдзел у Яго радасці, у свяце прабачэння і прымірэння. На гэтае свята ўваходзяць тыя, хто здольны прызнацца, што мае патрэбу ў міласэрнасці Айца і ўмее радавацца з Ім, калі брат ці сястра вяртаецца дадому.
Невыпадкова, што там, дзе мусульмане штодзённа ўсклікаюць да Літасцівага і Міласэрнага, прагучала прыпавесць пра міласэрнасць Айца. Гэта так: толькі тыя, хто нарадзіўся нанава і жыве ў абдымках гэтага Айца; толькі тыя, хто адчувае сябе братамі, могуць быць у свеце слугамі надзеі», — завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак прывітаў групы вернікаў з розных краін свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.