Восем жанчын было паранена падчас маршу-пратэсту, арганізаванага 2 студзеня аб’яднаннем каталіцкіх жанчын у Трывандруме — сталіцы паўднёваіндыйскага штата Керала.
Шэсце, у якім прынялі ўдзел у асноўным манахіні і дзяўчаты, было выказваннем пратэсту супраць знішчэння крыжа, усталяванага на ўзгорку ў горадзе Курысімала.
Лідар апазіцыі ў гэтым штаце Рамеш Чэнітала выказаў спачуванне з нагоды ўжывання сілы, у тым ліку дубінак, праваахоўнымі органамі падчас разгону дэманстрантаў, у большасці — жанчын. Ён звярнуўся да мясцовых уладаў, каб распачаць расследаванне гэтай справы. Таксама кіраўнік Дзяржаўнага камітэта партыі Кангрэса ў штаце Керала Прадэш М. Хасан асудзіў інцыдэнт і абвінаваціў урад штата ў «прымяненні сілы для падаўлення хваляванняў людзей».
«Такога кшталту падзеі не могуць быць прымальнымі ні пры якіх абставінах», — сказаў палітык. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што сярод тых, хто разганяў дэманстрантаў, не было ніводнай жанчыны-паліцэйскага, у той час як у самой дэманстрацыі прымалі ўдзел адны жанчыны.
Спрэчка хрысціянаў з мясцовымі ўладамі працягваецца са жніўня мінулага года, калі ў горадзе Курысумала на гары Бонакауд было знойдзена некалькі знішчаных крыжоў. Крыху пазней у тым жа месяцы міністр лясной гаспадаркі выдаў дазвол на ўсталяванне новага драўлянага крыжа, але ў лістападзе ён быў зноў знішчаны.
Калі навіна пра гэта распаўсюдзілася па ўсёй Кералі, мясцовыя каталічкі запратэставалі, у першую чаргу, супраць зацягвання расследавання гэтай справы. Таксама яны спрабавалі прарвацца праз барыкады, усталяваныя паліцыяй перад рэзідэнцыяй міністра, а потым дайшло да сутычак з паліцыяй, у выніку якіх восем жанчын былі паранены і дастаўлены ў шпіталь. Там іх адведаў мясцовы біскуп Вінсэнт Самуіл.
Даведка:
Большасць насельніцтва Індыі вызнае індуізм — 80%. Другой па колькасці веравызнаўцаў рэлігіяй з'яўляецца іслам (13%), таксама распаўсюджаны будызм, джайнізм і сікхізм. Хрысціяне складаюць толькі 2% насельніцтва гэтай краіны і нярэдка церпяць пераслед.