Пошук

29.01.2021 10:59   Паводле: CNA / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Ted S. Warren / AP

29 студзеня ў ЗША праходзіць традыцыйны марш у абарону жыцця, за ўдзел у якім можна атрымаць поўны адпуст.

Такую магчымасць Папа Францішак дае ўсім удзельнікам маршу, у тым ліку і тым, якія возьмуць у ім удзел віртуальна. Адпуст быў першапачаткова ўдзелены 13 студзеня Папскім элемазінарыем кардыналам Маўро П’ячэнцай, яшчэ да таго, як стала вядома, што марш пройдзе віртуальна.

«Марш за жыццё» — гэта мірны пратэст супраць абортаў, які традыцыйна збірае вялікую колькасць удзельнікаў па ўіх Злучаных Штатах і сёлета пройдзе ўжо ў 48-ы раз.

Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва CNA, 15 студзеня арганізатары сёлетняга маршу ў абарону жыцця абвясцілі, што ў гэтым годзе з-за пандэміі каранавірусу акцыя пройдзе ў віртуальным фармаце.

Кіраўніца маршу Джын Манчыні паведаміла журналістам, што на акцыю збярэцца абмежаваная колькасць актыўных абаронцаў жыцця, якія будуць прадстаўляць увесь рух. Яны прынясуць да будынку Вярхоўнага суду ЗША ружы ў памяць пра ўсіх ненароджаных, забітых у выніку аборту. Усе ахвотныя амерыканцы змогуць назіраць за маршам і віртуальна далучыцца да яго на адмысловай інтэрнэт-старонцы.

«Марш за жыццё», які арганізатары называюць найбольшай у свеце акцыяй у абарону правоў чалавека, штогод праводзіцца ў Вашынгтоне 22 студзеня або ў адзін з бліжэйшых дзён, што прымеркавана да прынятага Вярхоўным судом ЗША ў 1973 годзе рашэння легалізаваць аборты ў краіне.

У ноч перад маршам у базыліцы Беззаганага Зачацця ў Вашынгтоне адбываецца нацыянальнае малітоўнае чуванне. Сёлета яно прайшло ў чацвер з абмежаваннямі, абумоўленымі складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Для атрымання поўнага адпусту за ўдзел у «Маршы за жыццё» неабходна выканаць звычайныя ўмовы:

  • прыняць святую Камунію
  • памаліцца «Ойча наш» і «Веру»
  • памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, прачытаўшы пэўную малітву (напрыклад, «Вітай, Марыя» або «Тваёй абароне»)
  • не мець прывязанасці да ніякага, нават лёгкага, граху
Абноўлена 29.01.2021 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця