Пошук

18.01.2024 14:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Сhristianunity.va

18 студзеня ў Касцёле распачынаецца Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў. Пра гэта на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла напярэдадні ў Ватыкане, нагадаў Папа Францішак.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў прысвечаны тэме: «Любі Пана Бога твайго і любі бліжняга свайго, як самога сябе».

«Я заклікаю вас маліцца, каб хрысціяне дасягнулі поўнага адзінства і аднадушна сведчылі любоў да ўсіх, асабліва да самых уразлівых», — заахвоціў вернікаў Папа Францішак.

Каталіцкі Касцёл удзельнічае ў штогадовай ініцыятыве Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў ужо больш за пяцьдзясят гадоў. Хрысціянскія цэрквы і супольнасці праводзяць яго кожны год з 18 па 24 студзеня.

У гэты час таксама ў дыяцэзіях Касцёла на Беларусі традыцыйна адбываюцца экуменічныя набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных хрысціянскіх веравызнанняў нашай краіны.

Сёлета матэрыялы для правядзення Тыдня падрыхтавала экуменічная група з Буркіна-Фасо разам з мясцовай супольнасцю Chemin Neuf — «Новы шлях».

Хрысціянская супольнасць Буркіна-Фасо складае каля 20% насельніцтва. Большая частка краіны, каля 64%, вызнае іслам, а каля 9% насельніцтва прытрымліваецца традыцыйных афрыканскіх рэлігій.

Сёлета хрысціянская меншасць Буркіна-Фасо «перажывае вельмі складаную сітуацыю пераследу і насілля», — адзначыў супрацоўнік Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ксёндз Хуан Усма Гомэс.

Тым не менш, «самым важным з’яўляецца тое, што супольнасць, якая церпіць пераследу, запрашае нас маліцца аб міласэрнасці, любіць нашых бліжніх, любіць усіх тых, хто побач з намі, натхняцца прыпавесцю пра добрага Самараніна», — дадаў святар.

Ксёндз Гомэс удакладніў, што кожны персанаж у гэтай евангельскай прыпавесці з’яўляецца сімвалам: Самаранін увасабляе Хрыста, чалавек, якога абрабавалі і пакінулі паміраць, увасабляе Адама або ўсё чалавецтва, а заезд, дзе яго прымаюць, увасабляе Касцёл, які павінен клапаціцца пра ўсіх, незалежна ад рэлігіі, паходжання, расы або супольнасці.

Абноўлена 18.01.2024 14:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця