Пошук

12.12.2017 11:44   KAI.pl

Нямецкія біскупы выступілі супраць змен у малітве «Ойча наш». На іх думку, актуальны пераклад просьбы «і не ўводзь нас у спакусу» з’яўляецца найбольш блізкім да грэчаскага арыгіналу. Змены ў пераклад Малітвы Панскай не хоча ўносіць таксама і рэфармаваная Евангельская Царква ў Германіі.

З першай нядзелі Адвэнту новы пераклад аднаго з радкоў Малітвы Панскай быў уведзены ў Касцёле ў Францыі і цяпер гучыць як «не дазволь нам увайсці ў спакусу».

Пазней сам папа Францішак выказаўся за такую змену ў адным з разважанняў пра «Ойча наш», якое штотыдзень выходзіць на тэлебачанні італьянскага епіскапату TV2000.

Біскуп Рудольф Вадэльхольцэр адзначыў, што варта яшчэ лепш вывучыць сэнс той часткі малітвы, але нельга змяняць самі словы Хрыста.

Іерарх прывёў у доказ кнігу «Езус з Назарэта», у якой папа Бэнэдыкт XVI дакладна апісвае, як разумець гэтыя словы Малітвы Панскай: Бог можа дапусціць сітуацыю спакусы, але гэта д’ябал з’яўляецца крыніцай спакусы.

Біскуп Петэр Кольграф дадаў, што раней ужо былі спробы перакладу арыгінальнай грэчаскай версіі малітвы «Ойча наш» на арамейскую мову, але яны не былі здавальняючымі. На яго думку, момант спакусы з’яўляецца выразам экзістэнцыяльнай сітуацыі, у якую можа трапіць чалавек. У Бібліі шмат такіх момантаў, а Бог можа іх дапусціць, што перажыў сам Езус на крыжы. Паводле слоў біскупа Кольграфа, «неразумна ачышчаць вобраз Бога ад усяго, што я не разумею».

Абноўлена 12.12.2017 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа