Святы Айцец выказаў меркаванне, што радок малітвы «Ойча наш», у якім гаворыцца «не ўводзь нас у спакусу», не быў добра перакладзены. Пантыфік заўважыў, што нядаўна французскі епіскапат зацвердзіў новы пераклад гэтай малітвы, у якім спрэчны радок гучыць інакш, а менавіта: «не дазволь мне ўвайсці ў спакусу».
«Гэта не Бог уводзіць мяне ў спакусу, каб потым убачыць, як я ўпаў. Нябесны Айцец не робіць гэтага. Нябесны Айцец дапамагае неадкладна ўстаць. Гэта д’ябал уводзіць нас у спакусу, гэта яго дзеянні», — сказаў Пантыфік падчас сёмай праграмы з цыклу «Ойча наш» (Padre nostro), якая выйшла 6 снежня на тэлеканале італьянскага епіскапату «TV2000». У яе рамках Папа размаўляе аб галоўнай хрысціянскай малітве з кс. Марка Поца, турэмным капеланам з Падуі.
Тэлепраграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і «TV2000». Апрача Пантыфіка, у ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнесу. У эфір выйдзе дзевяць выпускаў. Героем трэцяга стала італьянская актрыса, прадзюсер і мадэль Марыя Грацыя Кучынота. З адказаў папы Францішка ў рамках праграмы «Ойча наш» таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі ў канцы лістапада.