Кульмінацыйным момантам падарожжа папы Францішка ў Бангладэш стала сустрэча з моладдзю. Яна адбылася 2 снежня на тэрыторыі перад каледжам імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дацы.
Паслухаць Пантыфіка тут сабраліся каля 7 тыс. чалавек. Сярод іх былі не толькі маладыя католікі, але таксама вызнаўцы ісламу і іншых рэлігій. Яны віталі Папу апладысментамі, спевамі і традыцыйнымі танцамі.
Звяртаючыся да моладзі, папа Францішак прызнаўся, што ў гэтым асяроддзі адчувае сябе памаладзеўшым. «Заклікаю вас ісці наперад і не губляць энтузіязму, як у добрых, так і ў кепскіх сітуацыях. Крочце наперад, асабліва ў тыя хвіліны, калі адчуваеце сябе прыгнечанымі праблемамі і смуткам і калі, гледзячы наперад, здаецца, што Бога не бачна на гарызонце», — параіў юнакам і дзяўчатам Папа.
Паводле яго слоў, каб рушыць наперад, важна быць упэўненым, што ідзеш правільным шляхам і не блукаеш без мэты. Таму неабходна «абнавіць праграмнае забеспячэнне», якое знаходзіцца ўнутры кожнага з нас і «дапамагае распазнаваць Божую задуму і адказваць на яе ў свабодзе».
«Трымайце заўсёды абноўленым ваша “праграмнае забеспячэнне”, слухаючы Пана і прымаючы на сябе выклік спаўнення Ягонай волі», — заклікаў Пантыфік.
Папа Францішак заўважыў, што толькі мудрасць дапамагае трымацца правільнага шляху ў жыцці. Гаворка, аднак, ідзе пра «мудрасць, што нараджаецца з веры», а не «фальшывую мудрасць гэтага свету».
Пантыфік папярэдзіў таксама аб недапушчальнасці закрытасці ў сваім маленькім свеце і празмернай засяроджанасці на сябе. «Калі народ, рэлігія ці грамадства становяцца “маленькім светам”, губляюць лепшае з таго, што маюць, і паддаюцца высакамернаму мысленню, паводле якога “я добры, а ты — дрэнны”», — сказаў Святы Айцец.
Папа заклікаў моладзь адкрыцца на іншых людзей, асабліва на вызнаўцаў іншых рэлігій. «Знаходзячыся тут разам, вы паказваеце вашу гатоўнасць спрыяць атмасферы гармоніі, у якой працягваеш руку іншаму, нягледзячы на рэлігійныя адметнасці», — падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючы ўвагу на прысутнасць падчас сустрэчы прадстаўнікоў розных веравызнанняў.
Даючы парады моладзі, Пантыфік па традыцыі заклікаў паважаць пажылых людзей, таму што яны нясуць памяць і мудрасць, угрунтаваную да досведзе, што дапамагае пазбягаць памылак мінулага.
«Размаўляйце з вашымі бацькамі і старымі, не праводзьце цэлыя дні ў мабільніках, ігнаруючы свет, які існуе вакол вас!» — заклікаў бангладэшскую моладзь Папа.
На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец благаславіў вуглавы камень будучага новага будынка Бангладэшскага каталіцкага ўніверсітэта імя Найсвяцейшай Панны Марыі і адмысловую памятную табліцу. Гэта навучальная ўстанова была заснавана ў 2013 г. Кіраванне ёй ажыццяўляюць манахі з Кангрэгацыі Святога Крыжа.