Пілігрымка да самай папулярнай каталіцкай святыні Бангладэш, прысвечаная св. Антонію Падуанскаму, збірае ўсё больш удзельнікаў-нехрысціян. Хоць успамін святога адзначаецца 13 чэрвеня, для Дакскай архідыяцэзіі Касцёла ў Бангладэш стала традыцыяй праводзіць штогадовую пілігрымку ў лютым, калі добрае надвор’е дазваляе большай колькасці вернікаў наведаць святыню.
Як паведамляе dominus.by, у гэтым годзе свята адбылося 1 лютага.
Познім вечарам Тапас Рой стаяў і чакаў у доўгай чарзе вернікаў, каб дакрануцца і памаліцца перад невялікай фігурай св. Антонія ў вёсцы Панджорэ. Сёлета 34-гадовы індус здзейсніў другі візіт у гэтую святыню.
У 2012 годзе Рой прыйшоў сюды з некалькімі сябрамі з цікаўнасці, але ў гэты раз упершыню ўдзельнічаў у штогадовым свяце разам з жонкай. Яны прыйшлі з «манці» (пажаданнем) у надзеі на тое, каб малітва перад цудатворнай фігурай святога паспрыяла цуду. Яны з’яўляюцца сужэнцамі ўжо восем гадоў, але не маюць дзяцей.
«Я чуў, што святы Антоній спаўняе жаданні многіх людзей. Я вельмі спадзяюся, што ён споўніць і нашы просьбы»,
— сказаў Рой, пакуль жонка глядзела на яго са слязьмі ў вачах.
Чарга вернікаў, якая вяла да капліцы св. Антонія, працягвала расці. Многія вырашалі дакрануцца і выразіць пашану да копій фігуры святога, змешчаных у трох іншых месцах святыні.
Сотні з іх ахвяравалі святому «маноц» (дары падзякі): грошы, каштоўныя рэчы, свечкі, печыва і нават галубоў, коз, авечак і трусоў.
«Нехрысціянскія вернікі таксама прыходзяць з падарункамі. Мы ашаломленыя усё большым ростам іх удзелу ў штогадовай пілігрымцы», — падзяліўся назіраннем член парафіяльнай рады Лівінгстон Разарыё.
Штогадовае мерапрыемства з’яўляецца буйнейшым хрысціянскім святкаваннем у Бангладэш, дзе пераважае іслам, а хрысціяне складаюць менш за палову працэнта ад больш чым 160-мільённага наслельніцтва.
Як адзначае dominus.by, гісторыя евангелізацыі язычнікаў або прадстаўнікоў іншых рэлігій ведае мноства станоўчых прыкладаў таго, як распаўсюджванне пераважна абрадаверчых практык (у якіх галоўным з’яўляецца чаканне цуду) прыводзіла ў выніку да ўзнікнення веры ў Жывога Бога.