Папа Францішак прыбыў у Бангладэш. Раніцай 30 лістапада самалёт мясцовай авіякампаніі «BIMAN» з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Дакі. Пералёт са сталіцы М’янмы, горада Янгон, працягваўся каля дзвюх з паловай гадзін. За гэты час у паветры было пераадолена 1083 кіламетры.
У аэрапорце Святога Айца сустракаў прэзідэнт Бангладэш Абдул Хамід, прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў, дыпламаты, каталіцкія вернікі і дзеці, якія віталі Папу традыцыйнымі танцамі. Хлопчык і дзяўчынка ў народных строях паднеслі Пантыфіку кветкі і вазу з зямлёй, якую Святы Айцец благаславіў.
Пасля афіцыйнай прывітальнай цырымоніі папа Францішак здзейсніў візіт у Нацыянальны мемарыял мучанікаў, пабудаваны ў памяць аб бангладэшцах, якія ахвяравалі жыццём у барацьбе за незалежнасць краіны. Тут ён усклаў вянок з кветак, пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і пасадзіў дрэва ў Садзе міру, які знаходзіцца побач.
Наступным пунктам візіту папы Францішка ў Даку стала наведванне Мемарыяльнага музея Бангабанду — Муджыбура Рахмана, першага Прэзідэнта Бангладэш. Музей знаходзіцца на месцы, дзе падчас вайны за незалежнасць краіны, 15 жніўня 1971 года, быў расстраляны гэты палітык разам з усімі членамі сваёй сям’і, аб чым нагадваюць сляды ад куляў на сценах, што захаваліся да сённяшняга дня. Папа ўшанаваў месца смерці Муджыбура Рахмана і правёў тут некалькі хвілін у малітве.
Затым Святы Айцец накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац, каб сустрэцца з палітычным кіраўніцтвам дзяржавы, і звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.