Пошук


Каталіцкі Касцёл у М’янме павінен адыгрываць канструктыўную ролю ў жыцці грамадства, выказваючыся па пытаннях, якія маюць нацыяльны інтарэс, асабліва баронячы годнасць і правы ўсіх жыхароў краіны. Пра гэта нагадаў папа Францішак 29 лістапада падчас сустрэчы з бірманскім епіскапатам у сядзібе арцыбіскупа Янгона.

Пантыфік заахоціў Касцёл у М’янме даваць штодзённае евангельскае сведчанне праз адукацыйныя і дабрачынныя ініцыятывы, абарону правоў чалавека і падтрымку дэмакратычных прынцыпаў. Прапаведванне Евангелля павінна суправаджацца спрыяннем «адзінству, любові і аздараўленню» жыцця народа. Касцёл павінен быць сапраўдным «палявым шпіталем», каб лячыць раны і душы.

«Гэта ваша першае місія: лячыць параненых!» — падкрэсліў Пантыфік.

Іншая парада тычылася блізкасці пастыраў да вернікаў. Сапраўдны пастыр павінен мець «пах сваіх авечак», а таксама «пах Бога», як заўважыў Святы Айцец. Папа дадаў, што асаблівага душпастырскага суправаджэння патрабуе моладзь, якую трэба вучыць «здаровым маральным прынцыпам».

Католікі ў М’янме не павінны хавацца ці займаць пасіўную пазіцыю, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца меншасцю. Трэба прысутнічаць у грамадскім жыцці і клапаціцца пра самых бедных і ўразлівых. Нельга таксама маўчаць перад абліччам парушэння правоў чалавека, адзначыў Папа.

Пантыфік заклікаў біскупаў «захоўваць раўнавагу паміж фізічным і духоўным здароўем». «Малітва — гэта першае заданне біскупа. Кожны з нас павінен пытацца ў сябе вечарам, падчас рахунку сумлення: колькі гадзін я маліўся сёння?» — сказаў Папа і заклікаў памятаць у малітве і пра яго.

Абноўлена 30.11.2017 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа