Пошук

16.03.2021 16:18   Паводле: vaticannews.va / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Кардынал Бо. Фота: licas.news

15 сакавіка, з нагоды Міжнароднага дня малітвы ў інтэнцыі М’янмы, кардынал Чарльз Бо апублікаваў адмысловы відэазварот. Іерарх заклікаў ваенных, якія ў пачатку лютага захапілі ўладу ў гэтай краіне, да паяднання і міру.

«Молімся аб абароне дэмакратыі і пашане да правоў чалавека. Заданнем арміі з’яўляецца абарона людзей, а не іх атакаванне», — падкрэсліў мітрапаліт Янгона, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя парталу Vatican News.

На думку іерарха, каб у М’янме насталі пазітыўныя змены, сэрцы ваенных павінны быць узрушаны з такой жа моцай, як сэрца святога Паўла па дарозе ў Дамаск.

Кардынал Бо заклікаў да дыялогу і пашаны да вынікаў свабодных выбараў. «Толькі такім чынам наша краіна стане на шлях да поўнай дэмакратыі, пакуль яшчэ не позна», — адзначыў кардынал Бо, дадаўшы, што Касцёл у гэтыя дні пакліканы быць сведкам справядлівасці, міру і паяднання.

«М’янма сёння ў чарговы раз перажывае часы цемры, праліцця крыві і рэпрэсій. Пануе дыктатура брутальнасці і насілля, тысячы людзей былі забітыя, параненыя або арыштаваныя.

Надыходзячы Вялікдзень з’яўляецца пробліскам святла як знак уваскрашэння для ўсяго народа, які праяўляе неверагодную адвагу і актыўнасць», — падкрэсліў кардынал Чарльз Бо.

«Глыбока веру ў тое, што М’янма выйдзе з гэтай трагедыі, што мы станем краінай, у якой кожны чалавек мае роўныя правы, у якой шануецца этнічная і рэлігійная разнастайнасць і пануе сапраўдны мір. Я веру ў М’янму, у якой салдаты складуць зброю, вернуць уладу і пачнуць рабіць тое, што ім належыць: абараняць людзей, а не атакаваць іх», — заключыў іерарх.

Абноўлена 27.04.2021 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця