Пошук


Звяртаючыся да каталіцкай моладзі М’янмы, Папа Рымскі заахвоціў яе не баяцца замяшання і задаваць пытанні.

Імша Пантыфіка з удзелам моладзі прайшла 30 лістапада ў катэдры Янгона. Літургія стала апошняй падзеяй у межах візіту Папы ў гэту азіяцкую краіну.

Задоўга да пачатку святой Імшы ў мясцовай катэдры і вакол яе сабралася вялікая колькасць моладзі. Сярод іх былі юнакі і дзяўчаты не толькі з М’янмы, але таксама з Камбоджы, Інданэзіі, В’етнама і Тайваня. На працягу некалькіх гадзін яны з малітвай на вуснах чакалі сустрэчы з Наступнікам св. Пятра.

У гаміліі Папа казаў пра важнасць радаснага абвяшчэння Евангелля. «Некаторыя пытаюцца: як можна абвяшчаць Радасную Вестку, калі вялікая колькасць людзей пакутуе вакол нас?»

Па словах Пантыфіка, асобы, якія пакутуюць, маюць патрэбу ў малітвах і салідарнасці моладзі, яе вернасці абароне правоў чалавека, справядлівасці, развіццю таго, што з’яўляецца дарамі Езуса: любові і міру. Наш свет заглушае голас Бога, таму існуе патрэба ў людзях, якія дапамогуць яго пачуць.

«Канешне, гэта тое, кім вы прагнеце быць, але толькі Пан можа зрабіць вас сапраўднымі, таму размаўляйце з Ім у малітве», — параіў Папа.

Пантыфік заклікаў моладзь углядацца ў прыклад святых, такіх, як св. Андрэй, свята якога адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 30 лістапада. Перш чым стаць мучанікам, гэты апостал рабіў свае памылкі і павінен быў паступова станавіцца вучнем Хрыста. «Таксама і вы не бойцеся вучыцца на вашых памылках!» — пажадаў Папа.

Паводле Пантыфіка, важна, каб маладыя католікі былі «місійнымі вучнямі», пасланнікамі Добрай Навіны Езуса Хрыста, асабліва сярод сваіх сяброў і аднагодак. Папа заклікаў не баяцца таго, што каталіцкая супольнасць у М’янме з’яўляецца меншасцю.

«Зрабіце так, каб вас пачулі! Хачу папрасіць вас крычаць, але не голасам, а жыццём, сэрцам, становячыся знакам надзеі для тых, хто трапіў у роспач, працягнутай рукой для хворых, шчырай усмешкай для чужынцаў, уважлівым клопатам для самотных», — пажадаў моладзі Святы Айцец.

Пасля літургіі Пантыфік накіраваўся ў міжнародны аэрапорт у Янгоне, адкуль, пасля кароткай развітальнай цырымоніі, вылецеў у сталіцу Бангладэш, горад Дака. Тут Папа прабудзе да 2 снежня.

Абноўлена 01.12.2017 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа