Пошук

20.11.2017 16:39   Credo.pro

Брытанская філія дабрачыннай арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», якая падтрымлівае хрысціян, церпячых пераслед, у чарговы раз правядзе 22 лістапада акцыю «Чырвоная серада». Вестмінстарскі палац, дзе адбываюцца пасяджэнні Брытанскага парламента, падсвецяць чырвоным святлом як сімвал салідарнасці з хрысціянамі, што церпяць пераслед.

Чырвоны — гэта колер крыві, колер мучаніцтва. Усіх зацікаўленых заахвочваюць далучацца да акцыі, апранаючы ў гэты дзень адзенне чырвонага колеру.

Дзесяць катэдральных сабораў у розных кутках Вялікабрытаніі таксама будуць свяціцца чырвоным, нагадваючы, што па ўсім свеце людзі штодзённа гінуць за Хрыста. У чацвер, 23 лістапада, у ЗША і Канадзе будуць святкаваць Дзень падзякі. Традыцыйна пятніцу пасля гэтага святкавання называюць «чорнай». Менавіта тады распачынаецца калядны сезон. Гэта таксама дзень вялікіх зніжак у магазінах.

Акцыя «Чырвоная серада» нагадвае нам, што для шматлікіх хрысціянаў іх вера і святы, з ёю звязаныя, — гэта не святочная атрыбутыка, а выбар паміж жыццём і смерцю.

Больш за 215 мільёнаў хрысціян церпяць пераслед — такія дадзеныя апублікавала дабрачынная арганізацыя «Open Doors» у сваёй справаздачы 11 студзеня 2017 года.

Асноўнай крыніцай антыхрысціянскага пераследу ў свеце застаецца ісламскі экстрэмізм. Блізкі Усход, Паўночная Афрыка і краіны Субсахарскай Афрыкі — гэта рэгіёны, дзе хрысціяне адчуваюць найбольшы пераслед, які мае ісламскае паходжанне.

Фота: ain-es.org

Ужо 15-ы год запар Паўночная Карэя займае першае месца ў свеце сярод краін, дзе хрысціянам жывецца найцяжэй. Царква там поўнасцю забаронена. Той, хто мае Біблію або моліцца, ставіць пад пагрозу як уласнае жыццё, так і жыццё сваёй сям’і. Самалі, якая мае племянны характар жыцця, займае другое месца: Царква тут таксама па-за законам і кожны, хто навяртаецца з ісламу ў хрысціянства, рызыкуе ўласным жыццём.

У 2016 годзе кожныя 6 хвілін адзін хрысціянін паміраў за сваю веру, — паведамляў у ЗША Цэнтр па вывучэнні хрысціянства ў свеце. Такім чынам, хрысціяне — рэлігійная група ў свеце, якая найбольш падвяргаецца пераследу.

Абноўлена 20.11.2017 18:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця