Пошук

20.11.2017 11:19   Rublev.com

Стэфан Берн, прадстаўнік французскага ўраду па нацыянальнай спадчыне, прапанаваў увесці продаж уваходных білетаў у найбольш вядомыя гістарычныя святыні Францыі.

На думку чыноўніка, такая мера паспрыяе вырашэнню праблем, звязаных з утрыманнем і абслугоўваннем святыняў.

Аднак 13 лістапада Каталіцкі Касцёл у Францыі абверг гэтую ідэю, падкрэсліваючы, што святыні з’яўляюцца «найперш (...) месцамі малітвы і набажэнстваў, і, адпаведна, доступ павінен быць бясплатным».

Практыка платы за ўваход у гістарычныя святыні існуе ў некаторых еўрапейскіх краінах, у прыватнасці — ў Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Іспаніі.

«У першую чаргу такая прапанова пярэчыць закону 1905 года аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы. Гэты закон прадугледжвае, што культавыя цэнтры, пабудаваныя да 1905 года, прызначаны для “свабоднага, выключнага і пастаяннага” выкарыстання Касцёлам. Увядзенне аплаты за ўваход, такім чынам, пярэчыла б першай умове», — адзначыў біскуп Жак Абер, які ўзначальвае працоўную групу французскіх біскупаў «Касцёл. Новыя пастырскія праблемы».

Паводле слоў іерарха, з тых часоў, як працоўная група Каталіцкага Касцёла ў Францыі прыступіла да абмеркавання гэтай праблемы сумесна з Міністэрствам культуры ў 2012-2013 гг., на парадку дня пастаянна паўставала пытанне фінансаў.

Біскуп Абер адзначыў, што прапанова ўраду абапіраецца на замежныя мадэлі, аднак нагадаў, што ў гэтых краінах Касцёл з’яўляецца ўласнікам будынкаў, і таму пытанне пра свабодны або платны доступ у тыя ці іншыя касцёлы і святыні вырашаецца непасрэдна органамі касцёльнага ўпраўлення.

У Францыі ж пасля прыняцця ў 1905 годзе закона «Аб аддзяленні Касцёлаў ад дзяржавы» большасць святыняў сталі ўласнасцю або дзяржавы, або муніцыпалітэтаў, у той час як рэлігійныя супольнасці атрымалі статус карыстальнікаў.

Паводле слоў святара, «калі мы дакладна ўсведамляем, што касцёл ці царква — гэта не музей, а месца для сканцэнтраваных разважанняў і малітвы, — тады так, пры пэўных умовах, якія не ўплываюць на гэтую адкрытасць, уваходныя білеты могуць быць уведзены».

У канцы верасня 2017 прэзідэнт Макрон даручыў Стэфану Берну правесці рэвізію помнікаў французскай культуры па ўсёй краіне і атрымаць новыя крыніцы іх фінансавання. Паводле даных газеты Le Parisien, чвэрць з 44 тысяч помнікаў у Францыі патрабуюць тэрміновых мераў па выратаванні.

Абноўлена 20.11.2017 15:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа